Сёньняшні дыялёг Лукашэнкі з расейскім міністрам Лаўровым — узор дыпляматычнай птушынай мовы.

Вось высокі госьць нагадвае: Пуцін у сваім пасланьні зазначыў, што Расея ў будаўніцтве саюзнай дзяржавы гатовая ісьці настолькі далёка, наколькі пойдзе беларускі бок... Падтэкст можна разумець так: улівайцеся — будуць вам жаданыя энэрганосьбіты па нашых унутраных цэнах.

На што было сказана: мы — толькі на раўнапраўнай падставе, "каб не ўціскаліся інтарэсы адной зь дзяржаваў" (здагадайцеся з трох разоў, якой :-) Іншымі словамі, нас голымі рукамі ня возьмеш!

Увогуле ў двухбаковых дачыненьнях звыклыя клішаваныя пасажы даўно сталі сродкам гэткага вэрбальнага армрэсьлінгу. Вось і гэтым разам Маскву акуратна паставілі на месца. Пашыхтавалі: "Мы ганарымся адносінамі з такімі дзяржавамі, як Расея, Кітайская Народная Рэспубліка, Індыя". Чытай: на вас сьвет клінам не сышоўся.

Карацей, бакі застаюцца пры сваіх інтарэсах. Кіраўнік расейскай дыпляматыі не выпадкова згадаў пра "эканамічныя аспэкты нашых інтэграцыйных плянаў". Менску даводзяць, што новы курс рынкавага прагматызму ў двухбаковых дачыненьнях — гэта ўсур'ёз і надоўга.

Бязь лішніх вушэй магла адбыцца і гаворка па шэрагу далікатных канкрэтных пытаньняў.

Маскву, напрыклад, напружыла блякаваньне ейнай кандыдатуры на пасаду выканаўчага сакратара СНД. Паводле расейскіх крыніц, катэгарычна супраць выказаўся ў Піцеры менавіта Лукашэнка. Цяжка сказаць, ці падштурхнула гэта Крэмль да большай згаворлівасьці...

Пэўна актуальная і тэма вайскова-стратэгічнай супрацы. Са слоў галоўнага айчыннага дыплямата Мартынава вынікае, што Беларусь не застанецца абыякавай да плянаў вераломных янкі. Хаця экспэрты сыходзяцца ў тым, што вялікіх эканамічных бонусаў на тле расейска-амэрыканскіх супярэчнасьцяў у пытаньні супрацьракетнай абароны Менску не дачакацца. Масква гоніць піяр, але ня мае вялікай ахвоты (дый лішніх грошай) лезьці ў акопы халоднай вайны.

Паказальная заява Лаўрова, што дата чарговага саміту саюзнай дзяржавы ня вызначаная. На думку палітоляга Валера Карбалевіча. Пуцін ня бачыць сфармаванага парадку дня для размовы на прэзыдэнцкім узроўні. А час пустой рыторыкі адышоў.

Выглядае на тое, што хутка беларускі афіцыйны лідэр часьцей будзе сустракацца з вэнэсуэльскім калегам, чым як з расейскім. Заўтра сябар Уга прызямляецца ў Менску.

P.S. Самай загадкавай у дыялёгу з Лаўровым падаецца фраза Лукашэнкі пра тое, што калі з часам давядзецца скасаваць пасаду расейскага амбасадара ў Беларусі, то "ніякага страху ня будзе". Вэрсыі дзьве: 1) амбасадараў не прызначаюць у губерні; 2) амбасадараў адклікаюць перад вайной. Хацелася б верыць, што мелася на ўвазе нешта трэцяе :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?