Як толькі на плошчы Якуба Коласа зьбіралася гуртам хоць 20 чалавек, шарэнга амонаўцаў выціскала іх у двары.Усіх, хто ўзьнімаў лёзунгі (у «Зуброў»: «Ачысьці свой розум!»), арыштоўвалі (фота — старонка 10). Затрымана 57 чалавек, у тым ліку Сяргей Скрабец, нягледзячы на дэпутацкую недатыкальнасьць.

Дзясяткі даішнікаў арганізоўвалі заторы спачатку на праспэкце, а пасьля на вуліцы Коласа, кудою дэманстранты скіраваліся да парку Бангалор. Так сілы бясьпекі імкнуліся сарваць сустрэчу дэпутатаў з групы «Рэспубліка» з выбарцамі 21 ліпеня.

Нягледзячы на гэта, на мітынг сышлося паўтары тысячы ўдзельнікаў. Жанчынам арганізатары дарылі кветкі. Марозіва ж, прывезенае для дзяцей, забралі амонаўцы. Канфіскоўвалі яны і «няправльныя» транспаранты. Квапіліся й на паветраныя шарыкі, але іх адбіў Уладзімер Парфяновіч. Былі дэлегацыі з Бабруйску, Жодзіна. Віцебскую дэлегацыю перахапілі ў Талачыне і ссадзілі з аўтобуса.

Прамоўцы асудзілі Лукашэнкава кіраваньне краінай і ідэю трэцяга тэрміну. У.Парфяновіч параўнаў Канстытуцыю зь дзяўчынкай: «У 96-м яе згвалцілі адзін раз, а цяпер хочуць згвалціць зноў».

Вераніка Дзядок, Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0