Рашучасьць, настойлівасьць і вядзеньне перагавораў з пазыцыі сілы — гэта адзінае, што Кім Чэн Ір ды падобныя да яго разумеюць.

Споўнілася ўжо роўна 60 год, як выйшлі на сьвет сьведчаньні ад Рудольфа Врбы й Альфрэда Вэтцлера пра іх пасьпяховыя ўцёкі з асьвенцымскага канцлягеру. Гэта былі адны зь першых сьведчаньняў пра гітлераўскую машыну сьмерці. Падобным весткам многія прадстаўнікі дэмакратычнага сьвету не хацелі верыць нават пры канцы вайны. Дзякуючы Врбе, Вэтцлеру ды іншым сьведкам жахі й умовы нацысцкага канчатковага рашэньня сёньня вядомыя ўсім.

Такім жа чынам дзякуючы кнігам Артура Костлера, Іржы Вэйла ды Аляксандра Салжаніцына зь цягам часу сталі вядомымі злачынствы й сутнасьць савецкага камунізму. Людзі, якія на падставе непасрэдных сьведчаньняў імкнуліся зьвярнуць увагу на найвялікшыя злачынствы найноўшае гісторыі, на шчасьце, знаходзіліся заўсёды й паўсюль. Рыты Панг апісаў тэрор Чырвоных кхмэраў, а Канан Макія — жорсткасьці астрогаў Садама Хусэйна. Гары Ву імкнецца зьвярнуць увагу на жахі кітайскіх працоўных лягераў Лао-каі.

Лёсы тысяч сучасных уцекачоў, якім удалося зь вялікімі цяжкасьцямі прабрацца праз камуністычны Кітай у свабодную Паўднёвую Карэю, пераканаўча кажуць пра злачынную сутнасьць паўночнакарэйскае дыктатуры. Іхныя сьведчаньні, пацьверджаныя сучаснымі спадарожнікавымі здымкамі, кажуць адназначна: Паўночная Карэя сёньня мае цалкам дзейную сыстэму канцэнтрацыйных лягераў. Завуцца яны «Кван-лі-со», ці, у перакладзе, «палітычна-папраўчыя працоўныя калёніі». Больш за 200 тысяч вязьняў там гібеюць ды паміраюць у такіх самых умовах, як калісьці мільёны вязьняў савецкага ГУЛАГу.

На паўночнай частцы карэйскае паўвыспы сёньня ўладарыць найтаталітарнейшы рэжым сьвету, які мае на сваім сумленьні мільёны чалавечых жыцьцяў. Кім Чэн Ір па сьмерці свайго бацькі Кім Ір Сэна пераняў вялікае камуністычнае гаспадарства ды без дакораў сумленьня працягвае ўзмацненьне спадчыннага культу асобы. Ён корміць адно з найвялікшых у сьвеце войскаў ды вырабляе зброю масавага зьнішчэньня. Цэнтралізаваная плянавая гаспадарка ды дзяржаўная ідэалёгія чучхе прывялі краіну да галадамору, ахвяры якога лічацца на мільёны.

Наперакор усюдыіснаму войску ды паліцыі дзясяткам тысяч адчайных паўночнакарэйцаў удалося ўцячы ў Кітай. Кітайскі бок, наперакор міжнародным дамовам, іх за ўцекачоў не ўважае ды перашкаджае апарату Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў дапамагаць ім. Кітайскі ўрад ставіць на іх аблавы ля межаў і дэпартуе назад у Паўночную Карэю, дзе іх жыцьцёвы шлях сканчаецца ў Кван-лі-со. Гэта ўсё адбываецца цяпер, а сьвет бязьдзейна пакідае гэта па-за ўвагаю.

Не вітаюць у Сэуле, нарэшце, нават тых, хто пасьля небясьпечнага шляху дабярэцца да Паўднёвае Карэі. Такія людзі перашкаджаюць афіцыйнай «сонечнай палітыцы», якая на словах выглядае даволі прывабна, але адначасова заснавана на бесьперапынных саступках. Каштуе яна Паўднёвай Карэі сотні мільёнаў даляраў, але не вядзе да вырашэньня ўсяе праблемы ды захаваньня чалавечых жыцьцяў. А як вынік — утрымлівае пры жыцьці пхеньянскага правадыра.

Кім Чэн Ір з дапамогаю свайго мільённага войска, ядзерных бомбаў, ракетаў далёкага радыюсу дзеяньня ды продажу зброі й вайсковых тэхналёгій падобным дыктатарам шантажуе цэлы сьвет. Ён хоча, каб за мяжою яго паважалі ды баяліся, хоча, каб яго лічылі наймацнейшым уладаром сучаснасьці. Ён кідае на галодную сьмерць свой народ, а галадамор выкарыстоўвае пры найменшых прыметах ахалоджваньня бязьмежнае вернасьці сваёй асобе. Шантажом ён атрымлівае харчы ды нафту. Але гэтую дапамогу ён дзеліць сярод верных яму — у найпершую чаргу сярод войска. Высьветліць на месцы, да каго даходзіць дапамога міжнароднае супольнасьці, са зразумелых прычын немагчыма.

У гэтым годзе Камісія па правах чалавека ААН у Жэнэве прыняла рэзалюцыю, якая асуджае мэтады паўночнакарэйскае ўлады. Неймаверна, але паўночнакарэйскі рэжым гэтай камісіяй за грубыя парушэньні правоў чалавека быў пакрытыкаваны толькі другі раз ад свайго ўзьнікненьня. Менш зьдзіўляе, але выклікае большы неспакой тое, што з 18 канкрэтных рэкамэндацый з рэзалюцыі мінулага году паўночнакарэйскі бок ня выканаў ніводнай.

Кім Чэн Ір не перастае шантажаваць сьвет у той час, калі ні ў чым не вінаватыя карэйцы паміраюць з голаду ці трапляюць у канцэнтрацыйныя лягеры. Настала пара, каб дэмакратычныя дзяржавы сьвету — краіны Эўразьвязу, Злучаныя Штаты, Японія ды не ў апошнюю чаргу сама Паўднёвая Карэя — аб’ядналіся ў сваіх дзеяньнях. Каб яны далі ясна зразумець, што таталітарным дыктатарам не саступаюць і што павага да асноўных правоў чалавека павінна стацца неад’емнай часткаю любых перамоў з Пхеньянам. Рашучасьць, настойлівасьць і вядзеньне перагавораў з пазыцыі сілы — гэта адзінае, што Кім Чэн Ір ды падобныя да яго разумеюць. Прынамсі, для гэтага ўжо не патрабуем чуць наступныя сьведчаньні жахаў.

Артыкул надрукаваны ў: Globe and Mail (Канада), Mlada Fronta DNES (Чэхія), Postimees (Эстонія), Frankfurter Algemeine Zeitung (Нямеччына), Irish Times (Ірляндыя), Chosun Ilbo (Карэя), Gazeta Wyborcza (Польшча), Romania Libera (Румынія), SME (Славаччына), Washington Post (ЗША), Наша Ніва (Беларусь) ды інш.

Вацлаў Гавал

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0