Салодкую помсту Білу, які расстраляў Нявесту (Уму Турман) падчас вясельля, хітры Таранціна расьцягнуў на дзьве часткі. Але калі публіка чакае простага працягу крывавага экшану, то яна будзе вельмі зьдзіўленая.

Натуральна, што фільм не абыходзіцца без фірмовых Таранцінаўскіх фішак: арыгінальныя сюжэтныя неспадзяванкі, мсьціўца Ума Турман, закапаная зажыва, дасьціпны падзел на часткі, усходняя бойка паміж Нявестай і Каліфарнійскай зьмяёй (Дэрыл Ханай), вырваныя вочы і чорная мамба ў сакваяжы з грашыма.

Але кроў, іронія і гвалт набываюць новае вымярэньне. Таранціна тут, наколькі гэта магчыма, лірычны й мэдытатыўны. Высокі комікс ператвараецца ў глыбінную мэлядраму — калі помсьлівая забойца знаходзіць згубленую дачку, а прызнаньне ў каханьні стаецца вырашальным ударам, што прыводзіць да сьмерці.

З далікатнаю вытанчанасьцю рэжысэр іграе на стылёвых спасылках, аўра цытатаў выклікае асалоду і зьяўляецца адвакатам самых крывавых сцэнаў (якія засталіся пераважна ў частцы першай). Ня могуць не выклікаць асалоды і акторскія працы Умы Турман, Дэйвіда Карадайна, Майкла Мэдсана, Майкла Паркса.

Фільм — як гульня дзяўчынкі з цацачным пісталетам (адна з найлепшых сцэнаў у карціне), як жывая кінамэдытацыя, як пекная энцыкляпэдыя кінакрыві з чорна-белым шармам.

Таранціна стварыў яшчэ адзін шэдэўр — і далікатна расстраляў гледачоў новым пасланьнем.

Андрэй Расінскі

Забіць Біла, частка 2

ЗША, 2004, каляровы і ч/б, 136 хв.

Жанр: Драма

Адзнака: 8,5 (з 10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0