Быў час, калі балоты дапамаглі ліцьвінам і русінам уратавацца ад мангольскай навалы.

Ужо за адно гэта нашы балоты трэ было б уганараваць званьнем Абаронцы Айчыны і ахоўваць як нацыянальную рэліквію. Але значнасьць беларускага балота ня толькі ў гэтым. Балота — гэта вялізная фабрыка па перапрацоўцы бруду ў нешта добрае, прыгожае, сакавітае і карыснае.

Людзі, якія ня ведаюць і ня любяць балота, кажуць, што балота сьмярдзіць. Ім непрыемны яго пах. Так, у балота свой водар. Але гэта не смурод. Балота ачышчае сваю прастору, а ўвесь смурод і бруд, у тым ліку чалавечы, дый найперш чалавечы, хавае ў сваім трыбуху, перарабляючы там яго ў нешта прыроднаспажыўнае. Балота — і прыродны залатар, і санітар. Але выяўляецца, на жаль, што ўсьвядоміць гэта можна толькі тады, калі балота ўжо высушана, зьнішчана і людзі пачынаюць захлынацца сваім смуродам, ад якога ўжо няма чым ачысьціцца.

У дзяцінстве маці часта пасылала мяне на балота па капытнік для сьвіней. Гэтыя сакавітыя сьцябліны зь вялікімі, круглымі і пульхнымі, як бліны, лістамі сьвіньні лопалі з такім ашалелым трэскам і хлюпаньнем, што, здавалася, іх вушы і цягліцы варушацца ў такт імкліваму руху сківіц, быццам выконваючы нейкі рытуальны танец, — нават спружынка хваста круцілася, нібыта шрубка. Мая лясёнка, якую я ледзь прыцягваў з балота, зьнікала ў імгненьне вока. І назаўтра маці зноў пасылала мяне па капытнік.

Аднойчы я запратэставаў, не пайшоў, сказаў, што мне цяжка штодзень цягаць гэтыя ношкі. І маці знайшла салямонава рашэньне праблемы: надалей я не насіў сьвіньням капытніку, а выпускаў іх на волю і яны самі беглі ў напрамку, які я ім адзін раз паказаў. Але й я павінен быў бегчы разам зь імі. Яны залазілі ў травяны гушчар, пад якім хлюпала вада, і балявалі ўволю. А я насычаўся фарбамі і водарам гэтага расьліннага царства.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Міхась Булавацкі, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0