Адзін мільён беларусаў штодня выпраўляецца ў алькагольную эміграцыю.

Адправілі мяне на курсы павышэньня кваліфікацыі. У адпаведную ўстанову мусіў езьдзіць трошку пазьней, чым звычайна на працу. I вось у гэтае «трошку пазьней» зрабіў я дзіўнае для сябе адкрыцьцё.

Калі бальшыня гараджан ужо колькі гадзін парыцца на сваіх працоўных месцах, іншая іх частка толькі ўстае зь лежакоў, каб выправіцца ў краму па «шмурдзяк». Калі ў першы дзень курсаў давялося пабачыць гэтыя брунатыя апухлыя здані, гэтых жывых мерцьвякоў, што шамацелі да віна-гарэлачных прылаўкаў, падумалася — выпадковасьць. Аднак і на другі, і на трэці, і на дзясяты дзень познаранішняя карціна не зьмянялася. Такая сабе абыдзёншчына. Прадавачкі ж, як выглядае, даўно прызвычаіліся да сваіх пастаянных кліентаў і, калі ў гуморы, разумеюць тых з паўслова.

«Маленькую», — гаворыць да крамніцы трыццаціпяцігадовы старэча, і яна, нічога не ўдакладняючы, выцягвае з бутэлькавай батарэі паўлітроўку «пладова-ягаднага». Назва напою не іграе аніякае ролі. Галоўнае, каб на ўсе гэтыя «Славянскія вэрмуты» і «Вясёлыя перазвоны» хапіла драбязы. У сярэднім сёньня пляшачка такога «нябеснага трунку» каштуе столькі ж, як два літры самага таннага малака.

Мяне не перастаюць зьдзіўляць т.зв. «кафэтэрыі» пры ўнівэрсамах, дзе апроч кавы, гарбаты й піва з квасам на разьліў прадаюць вінішка й водачку. Зьдзіўленьне расьце хутчэй ня столькі з фэномэну існаваньня такіх унівэрсальных пунктаў, колькі з назіраных тамака пэрсанажаў. Апроч рэальна апухлай ад злоўжываньня алькаголем публікі даводзіцца бачыць добрых дзядзечак, падобных да інстытуцкіх выкладчыкаў. Гэткі сярэднеарытмэтычны Электрон Іванавіч зазвычай вельмі ціхім голасам замаўляе сабе плястыкавую чарачку гарэлкі і бутэрброд зь селядцом. Прычым бутэрброд часьцяком бярэцца ад уяўнага сораму, як бы ў нагрузку, бо насамрэч гарэлка спажываецца без закускі. Трапляюцца й несарамлівыя. Яны могуць узяць у даважак «запівок» (кілішак мінэралкі), а могуць абысьціся і выключна агнявой вадой. Дзеля чаго ж ім п’ецца па-за застольлем, па-за ўрачыстасьцю?

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Балахонаў Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0