23.07.2004 / 13:00

Жоўтым па чорным

Чарнобыль перавярнуў жыцьцё Сьвятланы Чэрнікавай зь Лепелю. Звычайнаму інжынэру-агратэхніку з Гомельскай вобласьці давялося вывучыць нямецкую мову, каб выратаваць жыцьцё свайго сына.

Цяпер Сьвятлана возіць дзяцей на аздараўленьне, памяняла прафэсію і стала майстрам саломапляценьня. У яе найвялікшая ў Беларусі бібліятэка па гэтым майстэрстве, яму яна навучае дзяцей — каб аддаць людзям тое дабро, якое зрабілі некалі ёй, выратаваўшы жыцьцё сына.

Сьвятлане было 27, калі здарыўся Чарнобыль. Яна ляжала ў Брагінскай больніцы, 25 красавіка нарадзіла свайго малодшага сына Кірылу. Сям’я жыла ў вёсцы Выграбная Слабада за 30 км ад рэактару, марыва ад пажару было відаць і там. Пра аварыю даведалася праз 3-4 дні. Увесь гэты час жанчыны пілі малако і елі з гародаў, кармілі малаком дзяцей. «Нам хлусілі ўвесь час, што гэта далёка і няма чаго баяцца, праз тыдзень-два ўсё будзе нармальна. Мы былі савецкія людзі і верылі гэтай інфармацыі, бо іншай не было». Пасьля пачалі распаўзацца чуткі, што на станцыі ўсё гарыць і на ўкраінскім баку людзей эвакуююць.

Жанчын, хворых і дзяцей эвакуявалі 9 траўня ў летнікі і санаторыі. Туды ехалі толькі тыя, хто ня мог паехаць да сваякоў. Там было холадна, есьці не было чаго, месцаў вольных таксама не было. Толькі ў чэрвені пачалі эвакуяваць на сталае месца жыхарства. Саўгас эвакуявалі ў Буда-Кашалёўскі раён, нават вулі-ца там называецца Слабадзкая паводле назвы саўгасу.

Яшчэ раней эвакуявалі кароў. «Проста жывёла мела свой кошт, яна каштавала тысячу рублёў. Я й мае дзеці нічога не каштавалі, мы былі бясплатныя», — кажа Сьвятлана.

Тыя жывёлы, якіх не пасьпелі эвакуяваць, захварэлі на прамянёвую хваробу. У іх аддзялялася скура і правісаў пазваночнік. Кароў, якія яшчэ маглі стаяць, грузілі на фуры і завозілі на Гомельскі мясакамбінат.

Эвакуацыйныя пасьведчаньні пацярпелым давалі толькі на Гомельскую вобласьць, таму сям’я пераехала да Сьвятланіных бацькоў у Лепель самастойна, не чакаючы ад дзяржавы грошай. Прыйшлося кі-нуць свой першы дарослы дом, дзе ўсё рабілі сваімі рукамі — рамантавалі і фарбавалі. Наагул, саўгас быў вялікі і багаты, зь вялікімі вёскамі. І клімат, і зямля там былі нашмат лепшыя за менскія і віцебскія. Пакуль ня здарылася гэтай катастрофы, людзі туды толькі прыяжджалі жыць, ніхто не зьяжджаў адтуль. З таго часу месцам сустрэчы з былымі землякамі стаў радыелягічны цэнтар, дзе раз на паўгоду праходзілі абсьледаваньні.

Сьвятлана ж прыехала да бацькоў у адным халаце, зь немаўляткам на руках. Праз год яны атрымалі ў Лепелі жытло. Спачатку мясцовае начальства непрыветна паставілася да перасяленцаў. «Нам сказалі: мы вам жытла не дамо, чаго вы сюды прыехалі, вас ніхто ня клікаў, і ўвогуле гэта вашы праблемы. Пры тым мы былі адзіная сям’я, якая прыехала ў Лепельскі раён. Дык жа гэта быў мой родны горад і мая маці ўсё жыцьцё прапрацавала там настаўніцай — а як прымалі астатніх лю-дзей? Гэта было стаўленьне мясцовай улады такое бесчалавечнае. Суседзі і простыя людзі вельмі дапамагалі», — прыгадвае Сьвятлана.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Вераніка Дзядок

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру