30.07.2004 / 13:00

Аб прэс-канфэрэнцыі

Цяжка згадзіцца зь меркаваньнямі аналітыкаў, якія ў прэс-канфэрэнцыі 20 ліпеня ўбачылі толькі «сэанс калектыўнага тэлегіпнозу» ды «гаварыльню».

Побач са звыклай лухтой («два цэнтнэры вагі ў галадоўшчыкаў», «расейцы сядзелі на чамаданах» і г.д.) праскоквалі здаровыя тэзысы. Прагрэсам ёсьць, напрыклад, прызнаньне А.Л.: «Я кажу «парламенцкія выбары», ён кажа «парлямэнцкія». Можа, ён (Юрась Карманаў. — Аўт.) і мае рацыю». Яшчэ ў 2001 г. падчас сустрэчы зь дзеячамі культуры кіраўнік Беларусі бэсьціў нацыяналістаў, якія разбураюць «нарматыўную, адзіную літаратурную беларускую мову», вяртаюць «забытыя гістарычныя варыянты».

Тэзыс «прэзыдэнт ёсьць машынай» сьведчыць, на маю думку, пра вольны або міжвольны адыход ад ірацыянальнага разуменьня палітыкі. Добра, калі першая асоба здольная адчуць стому, усьведамляючы пры гэтым, што яна — часовы адміністратар, а не зямное сонца.

Дэмакратычным журналі-стам варта было б задаць Лукашэнку як мага больш вострых пытаньняў — і пра Ліцэй, і пра мову, і пра экалёгію. Калі не для атрыманьня поўных і дакладных адказаў, то для напаміну, што ім яшчэ баліць. Калі не для напаміну, то хаця б дзеля самасьцьвярджэньня.

Максім Доўгі, Шчучын

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру