30.07.2004 / 13:00

Цуд Беларускі

Безумоўна, прамова Лукашэнкі перад дыпляматамі 23 ліпеня — гэта сыгнал. І для Захаду, і для Ўсходу, і для апазыцыі.

Для Захаду — інфармацыя аб перамене геапалітычных прыярытэтаў. Для Масквы — гарбуз. Варожасьць да дэмакратыі спалучаецца зь незалежніцкай рыторыкай. Такі вось цуд у самым сэрцы Эўропы.

Нэрон, рымскі імпэратар, быў ня толькі лютым правіцелем і разбэшчанай асобаю. Акрамя таго, ён лічыў сябе вялікім артыстам. Ігнаруючы службовыя абавязкі, ён выступаў на розных мастацкіх конкурсах, дзе заўсёды перамагаў. На думку імпэратарскага журы. Ёсьць нешта нэронаўскае ў любові першага беларускага прэзыдэнта да хакею. Нельга без замілаваньня разглядаць агромністы каляровы здымак на першай старонцы галоўнай беларускай газэты, дзе радасны Лукашэнка трымаецца за кубак Стэнлі разам з расейскім легіянэрам НХЛ Хабібуліным. Гэты гонар, мабыць, быў заслужаны за перамогу каманды пэнсіянэраў, якую ўзначальваў Аляксандар Рыгоравіч, над чэмпіёнамі Беларусі. Нешта тут ня тое. Альбо чэмпіёны нічога ня вартыя, альбо пэнсіянэры занадта рана перайшлі зь лядовых палёў у кіраўнічыя кабінэты.

Гэты здымак быў надрукаваны ў «СБ» 20 ліпеня. І ў той жа дзень адбылася вялізная прэс-канфэрэнцыя галоўнага чыноўніка Беларусі. Яе сэнс няпросты. З аднаго боку, мінала роўна дзесяць год з таго моманту, як Беларусь набыла сабе прэзыдэнта. З другога, паводле разьлікаў А.Р., ягоны другі пяцігадовы тэрмін канчаецца толькі праз два гады. Гэта першая невытлумачальная асаблівасьць беларускай палітыкі. Дзе 10 роўна 12. З аднаго боку, Канстытуцыя не дазваляе адной асобе займаць найвышэйшую дзяржаўную пасаду больш чым два тэрмі-ны. З другога, асабіста Аляксандар Рыгоравіч «пакуль сябе ў іншай ролі» ня бачыць.

Вырашыць гэтыя антыноміі і павінна была прэс-канфэрэнцыя. А заадно даць адпор апазыцыі, якая на наступны дзень зьбіралася публічна падводзіць вынікі дэкады Лукашэнкі. Зразумела, што такія маштабныя задачы не маглі быць вырашаны хутка. Канфэрэнцыя цягнулася чатыры гадзіны і трансьлявалася па ўсіх тэлеканалах. Што патрабавала вялікай цярплівасьці і ад журналістаў, і ад гледачоў.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Юры Хадыка

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру