Само паняцьце прэстыжнай спэцыяльнасьці цяпер адсутнічае. Ня важна, на каго, дзе і як ты вучыўся, — важна, дзе ўладзіўся.

Пачаліся сёлетнія ўступныя іспыты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы другога патоку. І калі яшчэ 5—10 год таму прымаўка абітурыентаў 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя «Перш куды хачу, куды хачу, а пасьля — куды ўб’юся, куды ўб’юся» ня траціла сваёй актуальнасьці — спадзяваліся, што пакуль адвучышся, нешта зьменіцца, — дык цяперашняй уступнай кампаніі больш адпавядае народная мудрасьць іншага кшталту: «Абы танчыць наўчыўся, а рабіць доля навучыць».

Шмат хто з абітурыентаў здае ў прыёмную камісію вынікі тэстаў, дакумэнты і едзе адпачываць. Бацькі спакойна прамаўляюць:

— Няхай паспрабуе. Не дык не. Пойдзе на завочнае ці на платнае.

Зьмірыліся з тым, што іхнія дзеці — толькі іхні клопат. Раней такое ў сьне не сасьнілася б. Выпускнікі вясковых школ, яікя ў ПТВ мерацца, часта не турбуюцца аб выбары жыцьцёвага шляху, пакуль сена не пасушаць. Шмат дзе ў глыбінцы пытаньне аб будучай прафэсіі наагул у значнай часткі выпускнікоў, асабліва базавай школы, выклікае сьмех. А заява выдатніцы «Хацелася б зьвязаць сваё жыцьцё з мэдыцынай» успрымаецца з такім зьдзіўленьнем, нібыта чалавек у касманаўты сабраўся.

— Куды твая дачка паступае?

— У «машынку» (беларуска-расейскі ўнівэрсытэт, былы машынабудаўнічы інстытут).

— Вой, колькі іх бадзяецца пасьля «машынкі» гэтай. Вось і наш сусед вучыўся, а толку.

— А куды ж тады ісьці? (З размовы.)

А сапраўды, куды? Пасьля ўнівэрсытэту харчаваньня таксама не ўладкавацца. Разьмяркоўваюць па ўсёй рэспубліцы, к чорту ў зубы. У мэдвучэльню зьменшылі набор. Мэдыкаў паўсюль скарачаюць. На пэдагагічныя спэцыяльнасьці хаця набор і працягваецца, а маладым пэдагогам працы няма. Ужо і ў сельскай мясцовасьці настаўнікаў аж лішне. Па некаторых прадметах стаўку ня кожнаму нашкрабуць. Псыхолягі, арганізатары — амаль паўсюль палова стаўкі. Працаваць нявыгадна: больш за праезд аддасі. Пра эканамістаў, юрыстаў і казаць ня варта — перавытворчасьць. Нават назва адносна новай спэцыяльнасьці — муніцыпальнае кіраваньне — ня лашчыць слых. Кожны разумее: як ёсьць патрэбныя сувязі — уткнуць куды-небудзь. Няма — паедзеш па разьмеркаваньні ў сельсавет працаваць.

Паступаць куды-небудзь у іншы горад — таксама трэба тройчы падумаць. Ці кампэнсуе картка беспрацоўнага або 150-тысячны заробак у будучыні хаця б дарожныя выдаткі?

Само паняцьце прэстыжнай спэцыяльнасьці цяпер адсутнічае. Ня важна, на каго, дзе і як ты вучыўся, — важна, дзе ўладзіўся.

— Усё роўна вучыцца трэба, — гаворыць мая знаёмая, маці выпускніцы, і дадае са слабай надзеяй у голасе: — Хаця б на каго. Можа, калі спатрэбіцца.

Тацяна Барысік, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0