30.07.2004 / 13:00

Скарбы са шляхецкіх скрыняў

Часам у гісторыі здараецца гэтак, што, пасьля таго як угамоняцца жарсьці і cьцячэ рэшатам безьліч гадоў, мы застаёмся ўдзячнымі тагачасным рабаўнікам за іх правіны.

Бо скуль жа тады б даведаліся пра размаіты сьвет рэчаў, выцягнутых на Божае сьятло з закуткоў ды схованак праз злачынныя рукі? Удзячныя мы таксама і замкавым пісарам, якія рупліва заносілі ў судовыя кнігі назвы ды апісаньні тых рэчаў.

Бляск скарбаў шмат каму засьціў вочы ды замінаў спаць спакойна. Хтосьці за кляйнод лічыў сваю душу, а хтосьці трызьніў кляйнодамі заможнага суседа. Сюд-туд выкопваліся зь зямлі гаршкі ды казаны з золатам, вымываліся рачной вадой манэты ды ўпрыгожаньні. Раптоўнае багацьце магло стацца такім мажлівым, каб толькі аберуч з жаданьнем крочыла ўдача.

Пра гэта ж трактаваў і артыкул Статуту 1588 г.: «Уставуем: калі бы се трафіла каму знайсьці ў зямлі які скарб: грошы, серабро, золата або што іншае, яка се прытрафляе находзіці, тагды есьлі на сваім грунце найдзе, мае скарб быці, чый грунт, а есьлі бы на чыім іншым знайшоў, тагды палавіцу мае тому даці, на чыёй зямлі знайшоў, а палавіцу сабе ўзяці». Але ж нетры зямлі — неабсяжныя, лясы — дрымучыя, рэкі — паўнаводныя, валуноў жа, надзейных вартаўнікоў скарбаў, занадта шмат раскідана па нашай зямлі. Затое ў кожным шляхецкім двары стаяў дом, а побач сьвіран, а ў тым сьвірне — вялікая скрыня, а ў той скрыні — скрыня малая, а ў ей спрат дамовы, рэчы каштоўныя, адзеньне сьвяточнае ды ўсялякая тая драбяза, безь якой мала хто адчуваў сябе ўпэўнена.

Павысыпаная ды павытрасаная зь цёмных закануркаў рухомая маёмасьць магла б заслаць стракатым дываном абшары Вялікага Княства, падстаўляючы сонцу аксамітныя бакі жупаноў, бліскучыя грані рубінаў ды дыямэнтаў, дазваляючы ветру гартаць старонкі старых гербоўнікаў ды псалтырак.

Рэчы, схаваныя ад чужых вачэй у прысень сьвірнаў, клецяў, камораў ды сьвятліц, часам вымаліся зь цемры да патрэбы і ўжытку, ці то гвалтам выцягваліся з затхлай цямрэчы, каб быць скінутымі ў гармідары на чужыя падводы.

Вывучаючы актавыя кнігі Слонімшчыны і Меншчыны ХVI—XVII ст., я адчула жаданьне наўздагон за пісарам скласьці «рэестар шкодаў», г.зн. рэестар здарэньняў і, як вынік іх, — рэестар зрабаванай маёмасьці, якая захоўвалася калісьці пры шляхецкіх дварах ды сядзібах.

Тры скрыні Зафеі Агінскай

1575 г. Няблізкі сьвет ад Берасьця да маёнтку Вузлы, калі мераць дарогу конскімі капытамі. Хутчэй сягаюць па ёй думкі, асабліва думкі разьюшанага чалавека.

Рахуючы фамільную маёмасьць пасьля сьмерці бацькі, берасьцейскага ваяводы Юр’я Тышкевіча, ваяводзіч Хведар недалічыўся маёнтку Вузлы. Бацька яшчэ пры жыцьці падараваў той маёнтак пасынку Яну Абрамовічу. Ян і жыў у двары Вузлоўскім з жонкай Зафеяй Агінскай ды малым сынам Адамам ажно да скону. Цяпер удава з сынам засталіся адзінымі ўладальнікамі двара. Але хто тая Багданавая Агінская ваяводзічу Хведару? Гарбузовая сваячка! А вось зямля з пабудовамі мусіць належыць іхнаму роду, і рухомая маёмасьць удавы лішняй ня будзе. Таму ў нядзелю, на пачатку восені, Хведар са шматлікімі памагатымі конна, збройна і з рознаю стрэльбаю і бронямі наехаў на той маёнтак і двор Вузлоўскі. Бедную кабету зьбіў і зраніў, сына з рук яе да сябе ўзяў ды загадаў удаву з двара пешшу ў зашыю выбіці.

Рухомая маёмасьць Зафеі-ўдавы захоўвалася ў трох скрынях. У першай, вялікай, было 400 коп грошай гатовых (яе ўласных), 100 чырвоных залатых, залаты ланцуг, шабля, апраўленая срэбрам (у ей срэбра — 4 грыўны), пазалацісты корд (кароткі меч), срэбны пояс, а таксама срэбныя шпоры. У другой скрыні ляжалі два срэбныя бранзалеты, па тузіну срэбных каўшоў і кубкаў, 15 залатых пярсьцёнкаў з камянямі, вялікі залаты сыгнэт мужа-нябожчыка, а трохі меншы — яе, Зафеі. Тры тузіны лыжак срэбных, два тузіны зь іх — з пазалотаю. Дзьве пэрловыя брамкі (галаўны ўбор з пэрлінамі), мураўскія каптуры, чырвоная газука (накшталт тунікі) з валоскага сукна, падшытая куніцамі, чорны аксамітны жупан, шубка чырвонага адамашку, падшытая сібіркамі, а другая шубка сукна фалюндышу чорнага зь лісамі, чорны саян з аксамітнымі каўнерам і рукавамі, ядвабная коўдра ды аксамітная сабаліная шапка. Была яшчэ і трэцяя скрыня зь бялізнай ды флямандзкімі карункамі. Поруч ляжалі місы ды талеркі з цынку, катлы, цэбры ды трыногі… Маёмасьць засталася на сваіх месцах, адно даставалі яе са скрыняў ды ўжывалі другія.

Пятнаццаць лакцёў Раініных карункаў

1600 г. Мерна цякло жыцьцё ў маёнтку Мацюцішкі, што ў Вількамірскім павеце. Клопату хапала па самы чубок, але ж выпадала і вольная гадзіна, тым больш што гаспадарылі ў ім у згодзе муж і жонка — Станіслаў Кімбар і Раіна Стэнгоўская. Ліхую навіну ў двор занёс ураднік слонімскага земскага судзьдзі Пятра Нарбута Юры Стацкевіч. Прыехаў зьнянацку і на загад судзьдзі адвёз мацюцішкінскага гаспадара ў маёнтак Калтыняны. А там пасадзіў яго свавольна і бяспраўна ў цяжкае і строгае вязеньне, …у ланцуга і ў путы акаваў.

Пакуль няшчасны Станіслаў наракаў на лёс у панскім двары, калтынянскі ўраднік на загад судзьдзі двойчы гвалтоўна наяжджаў з памагатымі на ягоную сядзібу, вывозячы на рыпучых вазах чужое майно. Лямант гаспадыні Раіны амаль не замінаў рабаўнікам. Ці то ў ахапак выносілі прыхадні кучы адзеньня ды пасьцель з дому Станіслава Кімбара, ці то выцягвалі ў кублах ды скрынях? А кляйноды? Рассоўвалі па кішэнях ці ссыпалі ў якую каліту? Адно вядома, што зьніклі бясьсьледна белы плашч з блакітнымі ядвабнымі пятлічкамі, брунатная куртка, падшытая кітайкаю (ядвабам), чырвоны баваўняны кафтан, пурпуровая шапка з сабальцамі, малінавы ядвабны сеткавы пояс, жоўтыя саф’янавыя чаравікі, ядвабны плашчык з гарнастайкамі, упрыгожаны срэбнымі галунамі, а таксама плашчык ядвабны з вавёрчыным футрам з устаўкамі куньі горла, аблямаваны аксамітнымі галунамі. Лазуровая сукенка зь ядвабным кшталтам (каўнерам), чорная аксамітная заложка з узорам, падшытая футрам (гэткі кавалак дарагой тканіны з аздобаю, які прывязваўся на шыі і таліі, а на грудзях адставаў, каб можна было за яго закласьці рукі або хустачку), чырвоны і лазуровы каўняры з аксаміту і мухаяру, цынкавы панцаравы пояс, ядвабны чапец, вышываны золатам і срэбрам, а таксама просты баваўняны.

Цягнулі мужыкі міма зьляканай кабеты чатыры падушкі і вялікую пярыну, турэцкую коўдру да пасьцелі, тры тонкія прасьцірадлы ды батухі (рушнікі) да лазьні. А яшчэ 15 лакцёў карункаў, тры маткі нітак ды брунатныя панчохі.

Гаспадаровы каштоўнасьці, мабыць, увязалі ў якую хусту, перабраўшы найперш вокам, бо паглядзець было на што. Вылучаліся пярсьцёнкі: адзін з дыямэнтам, другі з цытрыновым каменем. Былі яшчэ залаты пярсьцёнак з чатырма пэрламі і чырвоным рубінам, залацісты пярсьцёнак сердушка, чырвоны камень асьпіс, апраўлены ў срэбра, каралі на абедзьве рукі, а таксама каралі з пэрламі і залатымі пуклікамі.

Сярод гэтай бліскучай драбязы вылучаўся камень белы, што бяльмо зганяюць, кошт якога перавышаў кошты ўсіх скарбаў разам, ажно 100 злотых. Для параўнаньня: залаты пярсьцёнак з дыямэнтам каштаваў 15 злотых. Можа быць, пані Раіна валодала таемным дарам лекаваць і замаўляць? Тады судзьдзю зь ягоным ураднікам маглі напаткаць «у аддзяку» розныя непамыслоты…

Свой жаль Раіна Стэнгоўская ня здолела данесьці да суду адразу, бо судзьдзя Нарбут, апроч сваіх непасрэдных абавязкаў, здолеў заняцца і рассажаньнем старажоў па дарогах.

Каб кабета насамрэч была здатнай да варажбы, вылезла б урэшце тым старажам чужое дабро праз рабро.

* * *

У тым калейдаскопе рухомасьці страчаліся арфа і кнігі, смарагдавы крыжык і бурштынавы ножык, фарботы і гузікі… І хаця скрыні і корабы замыкаліся на ключ і запячатваліся, а сьвіран, клець ды камора зачыняліся на вялікі ланцуг з прабоем, на замок на зашчэпе, на нутраны замок, — зладзеі замкі адбівалі, прабоі зь дзьвераў вырывалі, дзьверы з вушакоў выломвалі, дзіру ў дзьверах вырубалі, плот разьмяталі… Мала дапамагалі такой напасьці парады хаваць рэчы ў сераду ці ў суботу на захадзе сонца.

Пайшла дымам пуховая пасьцеля

1600 г. Невядома, чым угнявіла шляхцянка з маёнтку Грыневічы Марына Мамонічаўна ўрадніка Яна Халяву і зямяніна Дзьмітрыя Чарнаруцкага, але за тры дні да бяды яны пагражалі кабеце, пахвалкі чынілі і ўрэшце спалілі-такі дом. Адно здолелі ўратаваць малых дзетак. Маёмасьць жа ўся пайшла дымам. Усе рэчы пані Марыны — шаты, палотны, хусты белыя, футра ўсялякае, цынк, медзь, начыньне — захоўваліся ў каморы ў скрынях. З адзеньня шляхцянка прыгадала плашчык чорны ядвабны, козкамі падшыты, два летнікі мухаеру турэцкага, сукню фалюндышу чорнага з аксамітным каўнерам, шубку мухаеру турэцкага, сібіркамі падшытую з бабром, дзьве аксамітныя бабровыя шапкі. Чатыры новыя турэцкія дываны, суконнае абабіцьце чорнага і зялёнага колераў (ажно восем паставаў), адзін пастаў чорнага мураўскага сукна. А таксама пуховую пасьцелю з чырвонымі ядвабнымі навалочкамі ды прасьціной, яшчэ адну пуховую пасьцелю, але чорнага ядвабу. Сярод галаўных убораў узгадала наміткі: ядвабную ды белую сеткавую, ды яшчэ хусты белыя.

Згарэлі ўшчэнт Марыніны абрусы, ручнікі, сурвэты, тканыя палотны, якіх было столькі, што здолелі б захутаць усю яе сядзібу ад прызбы да самага канька.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Вольга Бабкова

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру