Кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту распачало працэс пераводу навучэнцаў у іншыя ВНУ. Рэктар ЭГУ паведаміў з Вашынгтону пра падтрымку былымі донарамі ўнівэрсытэту «новых праектаў», якія будуць «выходзіць з асяродзьдзя» ЭГУ. Рэктарат загаварыў пра ЭГУ ў мінулым часе, калі студэнты толькі пачалі рыхтаваць першыя акцыі пратэсту.Студэнты засталіся сам-насам з сваёй праблемай. Яны абураюцца: выкладчыкі як быццам пахавалі ЭГУ. «І Міхайлаў, і Дунаеў — чаму яны ня тут?» Студэнты згадваюць прыклад Беларускага ліцэю. На сьценах надпіс: «Памром, але з будынку ня сыдзем!».

Каля ўваходу зьбіраюць подпісы да Лукашэнкі і Мінадукацыі. Але высяленьне ідзе. На сьценах вісяць абвесткі «Патрэбныя каробкі», бібліятэка (70 тыс. тамоў) ужо пакуецца. Для яе шукаюць склад. Чыноўніка, што прыехаў зь Мінадукацыі, абклалі студэнты і іх бацькі. Яны бароняць першы і апошні ў Беларусі ўнівэрсытэт эўрапейскага тыпу. Арганізаваць акцыі пратэсту цяжка: Мінадукацыі адклікала ліцэнзію ўнівэрсытэту 26 ліпеня, у самыя вакацыі.

Лёс ЭГУ мае вырашацца на ўнівэрсытэцкім Сэнаце 30 ліпеня. Але ўжо прагучалі як эпітафія словы прарэктара па навучальнай працы Тацяны Галкі: «Гэты праект скончыўся. Калі ў нас такія студэнты, мы працавалі недарма».

27 ліпеня выканаўца абавязкаў рэктара Т.Галка прывезла ў Мінадукацыі прапановы рэктарату, скіраваныя адно на зьмякчэньне наступстваў ліквідацыі. Прапанавалася перавесьці студэнтаў спэцыяльнасьцей права, эканоміка, псыхалёгія, тэалёгія ў БДУ, спэцыяльнасьцей культуралёгія, філязофія, інфарматыка — у Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.

Прадугледжвалася адкрыць спэцыяльнасьці, якіх там не стае. Улады нават тут не пайшлі на саступкі. Ужо 28-га стала вядома, што перавесьці столькі студэнтаў «немагчыма».

Мастацтвазнаўства, музэйную справу і дызайн прапануецца раскідаць па некалькіх ВНУ (БНТУ, Акадэмія мастацтва, гістфак БДУ). Але БДУ не сьпяшаецца даць згоду на перавод студэнтаў міжнароднага права.

У прапанове агаворваецца просьба прыняць студэнтаў без даплаты за перавод (400 у.а.) і без аплаты даздачы іспытаў (па 25 у.а. за іспыт), бо пераводзяцца студэнты не з сваёй волі.

Мінусы: аўтаматычна павышаецца кошт адукацыі і зьнікаюць ільготы і сацыяльныя стыпэндыі, якія былі ў ЭГУ. Пра захаваньне ЭГУ як адзінкі нават размовы няма.

Спэцыяльныя ўтварэньні ЭГУ — франка-беларускі факультэт, факультэт нямецкіх дасьледаваньняў могуць быць пераведзены ў ВНУ адпаведных краінаў, але тады зьнікае сэнс гэтых утварэньняў: дзе гарантыя, што студэнты не застануцца там па сканчэньні ўнівэрсытэту?

Студэнты агучылі іншыя прапановы: ад звароту ў суд да спробы арандаваць плошчы некалькіх школаў ці перанесьці навучаньне за мяжу. Апошні варыянт непрымальны для выкладчыкаў: для іх гэта значыла б кінуць сем’і. Зрэшты, выкладчыкі ў любым разе губляюць шмат: уладкавацца на працу ў жніўні няпроста.

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0