30.07.2004 / 13:00

Загнаныя ў паўпадвалы

У аўторак 27 ліпеня, на нязбыты Дзень Незалежнасьці, хавалі Дзяніса Б. — 26-гадовага прадпрымальніка, які загінуў падчас нядзельнай залевы ў Менску.

Ён патануў у сутарэньні дому, ратуючы ад затапленьня сваю краму ровараў, свой бізнэс, справу свайго жыцьця.

Невялікі 3-павярховы дом №23 стаіць у самай нізіне на вуліцы Кірава, ніжэй за знакамітым Ліцэем. У сутарэньні недзе з год таму атабарылася крама ровараў фірмы «Вэляцэнтар». Сама фір-ма існуе ўжо 7 гадоў, але пастаянна мяняла месца: мела свой намёт і на рынку ў Ждановічах, і на стадыёне «Дынама», пакуль не асела ў больш сталым памяшканьні. Тутсама месьціўся склад і майстэрня. У час залевы двор запаўняўся вадой, якая зьбягала зь дзьвюх горак. Калі Дзяніс забег у сутарэньне, каб ратаваць тавар, cталёвыя дзьверы захлопнула водная плынь, а вада працягвала падымацца. Сябры спрабавалі адмыкнуць дзьверы, але не давалі рады плыні. Выклікалі выратавальнікаў, але тыя прыехалі запозна…

Лёс усяго нашага маладога бізнэсу, загнанага ў падпадвалы, — у гэтай трагічнай гісторыі.

Менскія тэлеканалы ў дзень залевы не сказалі пра яе ні слова. У нашай краіне няма месца стыхійным бедзтвам без дазволу з Адміністрацыі прэзыдэнта.

Аркадзь Шанскі

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру