06.08.2004 / 13:00

Хроніка

6 ліпеня Ленінскі суд Берасьця прысудзіў Леаніда Мартыновіча да штрафу ў 20 б.в., 16 ліпеня суд Мазыра пастанавіў канфіскаваць у Васіля Біласа ў кошт штрафаў аўтамабіль —абодвух прызналі вінаватымі ў правядзеньні «несанкцыяванага мерапрыемства»: яны віншавалі зь Вялікаднем пацыентаў Мазырскай больніцы. У Магілеве 27 ліпеня падчас распаўсюду друкаваных матэрыялаў «5+» і віншаваньняў з Днём незалежнасьці затрыманыя актывісты ПБНФ Віталь Макаранка, Зьміцер Салаўёў, Юры Голубеў. 29 ліпеня АГП атрымала ліст ад намесьніка міністра юстыцыі А.Петраша з абвінавачаньнямі ў непавазе да суду (у заяве Палітрады партыі «Ўлада хоча зьнішчыць «Народную Волю»). 29 ліпеня кіраўніцтва Барысаўскага заводу аўтатрактарнага абсталяваньня папярэдзіла пра звальненьне з нагоды скарачэньня штатаў сябра прафсаюзу РЭПАМ Віктара Каўбаску, з актывістам прафсаюзу Дзянісам Цьвятковым праведзеная гутарка, каб ён напісаў заяву пра выхад з РЭПАМу. Судовае рашэньне пра адмену штрафаў, накладзеных падатковымі органамі на Беларускі Хельсынскі камітэт, уступіла ў законную сілу 29 ліпеня. 29 ліпеня ў Менску быў зачынены карпункт тэлеканалу «Расея» , акрэдытацыі пазбавіліся рэдактар Андрэй Качура, журналіст Ірэк Муртазін, апэратар Сяргей Пушкін і кіроўца Алег Пілецкі. 30 ліпеня адміністрацыйнымі камісіямі за распаўсюд друкаванай прадукцыі напярэдадні акцыі 21 ліпеня Аляксей Ляўковіч быў аштрафаваны на 1 б.в., Руслан Харкевіч — на 5 тыс. руб. 30 ліпеня Маларыцкі раённы суд задаволіў пазоў ПБНФ да начальніка аддзелу па ідэалягічнай працы Маларыцкага райвыканкаму Сяргея Строка. Абвінавачаньне ў правядзеньні несанкцыяванага мітынгу 1 траўня ў Горадні зьнятае 28 ліпеня з Валер’я Леванеўскага і ягонага сына Ўладзімера, 30 ліпеня — з прадпрымальніцы Натальлі Васільевай. 28 ліпеня намесьніка старшыні Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандра Васільева выклікалі ў пракуратуру і ўручылі пастанову, паводле якой яго вінавацяць у абразе прэзыдэнта і арганізацыі масавых беспарадкаў (арт.368 ч.2 і арт.342 КК). Вярхоўны суд Беларусі 2 жніўня паводле пазову Мінюсту ліквідаваў Беларускую партыю працы. Судовыя выканаўцы спрабавалі 2 жніўня апісаць маёмасьць рэдакцыі газэты «Народная Воля» : згодна з рашэньнем суду, «НВ» мае выплаціць Сяргею Атрошчанку больш за 15 млн руб. Галоўны рэдактар «НВ» Іосіф Сярэдзіч адмовіўся падпісаць пастанову на вопіс, бо спадзяецца абскардзіць рашэньне папярэдніх судовых інстанцыяў у Вярхоўным судзе. 2 жніўня на акцыі пратэсту студэнтаў ЭГУ быў затрыманы фотакарэспандэнт газэты «Белорусский рынок» Раміль Насібулін, яго адпусьцілі толькі пасьля паказу пустой флэш-карты зь лічбавага фотаапарата. Актывісты «Зубра» Любоў Кучынская, Максім Громаў і Павал Юхневіч былі затрыманыя 3 жніўня падчас распаўсюду ўлётак з інфармацыяй пра акцыю 21 ліпеня.

АШ

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру