Сьвяты БССР у кінахроніцы

БССР ня мела сваіх сьвятаў. Дакладней, мела — але яны ня згадваюцца, хроніка тут сьціплая і амаль маўчыць. Як частка савецкай імпэрыі, Беларусь савецкая была ўзорам ня столькі беларускага, колькі савецкага жыцьця. Гэтае жыцьцё мела свае кананічныя даты й сваё сьвятое паходжаньне.

Галоўным сьвятам у часы БССР, натуральна, лічылася 7 Лістапада — «сьвята Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі», калі стары «буржуазны» лад быў адкінуты, а на яго рэштках усталёўваліся «Ленін, партыя, камсамол», «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік — непарушны саюз свабодных рэспублік», «Да барацьбы за справу камуністычнай партыі заўжды гатовы». 7 Лістапада афіцыйна намякала, што сваёй — у тыя часы бутафорскай — дзяржаўнасьці Беларусь была абавязана савецкім радасьцям. Прыпадаючы на восень, лістападаўскае савецкае сьвяткаваньне далучалася да дзён Сатурна, падземнага бога-разбуральніка, але на гэта мала хто зьвяртаў увагу.

У 20-х гадох у Віцебску Казімер Малевіч і Эль Лісіцкі апантана распрацоўвалі ўбраньне галоўнага «чырвонага дня календара» — Малевіч сваімі дэкарацыямі сапраўды зрабіў яго чырвоным. А Эль Лісіцкі прыдумаў адмысловую трыбуну, якая ўзносілася ў нябёсы. Трыбуна гэтая так і не была пабудаваная, але засталася помнікам заручынам савецкай улады й авангарду.

Калі сакральны новы лад штогод нараджаўся ўвосень, бо тады «ўпершыню быў разарваны ланцуг імпэрыялістычных дзяржаў», то вясной, калі абуджаецца прырода, савецкія беларусы далучаліся ўжо да пралітай крыві ўсіх працоўных — да еднасьці з усім прыгнечаным чалавецтвам.

1 Траўня і дасюль адзначаецца ў Швэцыі і некаторых іншых краінах. Даведнікі падкрэсьліваюць, што паўночны травень нараджаўся з цэхавай гарадзкой культуры з сваёй традыцыяй дэмакратыі.

Пра такія сувязі савецкі Першамай маўчыць. Першамай у раньнесавецкай Беларусі — гэта дарэвалюцыйныя маёўкі, камуністычная партыя, чырвоныя кветачкі і, не зьдзіўляйцеся, — абавязковыя вайсковыя парады. Плякатам «Мір! Праца! Май!» і «Няхай заўжды будзе сонца!» ды сьвяточным вяночкам стала папярэднічалі ладныя вайскоўцы, тоўстыя і выцягнутыя ракеты ды сувораўцы, якія дэманстравалі свае схільнасьці перад трыбунай на Кастрычніцкай плошчы. Цёплая традыцыя веснавога сьвята не перарывалася нават падчас акупацыі. Хроніка захавала кадры «першамайскага прывітаньня Адольфу Гітлеру» і сагнаных на сьвяткаваньне месьцічаў, якія выказваюць сваё захапленьне без асаблівага энтузіязму. У нацысцкай Нямеччыне любілі паднявольную працу.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0