«На Акрэсьціна я, наймаладзейшая ў камэры, мела і самы паважаны статус — палітычны. Да мяне з аднолькавай павагай ставіліся і рэцыдывісткі, і бамжы. А гожыя амонаўцы — гэта ўвогуле асобная песьня», — піша Наста Азарка, арыштаваная за ўдзел у акцыі 21 ліпеня.

Усё адбылося настолькі імгненна, што поўнасьцю асэнсоўваць гэтае здарэньне мне давялося ўжо ў камэры.

Мы яшчэ толькі ляцелі, схапіўшы таксоўку, на плошчу Якуба Коласа, а навіны ўжо сыпаліся як град з чыстага неба: аднаго за другім забіралі нашых хлапцоў, яшчэ задоўга да таго, як пачалася акцыя.

На плошчы ж і ўвогуле рабілася штосьці падобнае да рэвалюцыі: вуліца ўся гаманіла народам, паўсюль былі відаць амонаўцы, не хапала толькі танкетак. Мы ўціснуліся ў натоўп, на хаду разгортваючы расьцяжку «Малады фронт», прабіліся зь ёю ў першыя шэрагі і пачалі рухацца наперад, але праз колькі імгненьняў уперліся ў сьценку амону. Я і цяпер ня ведаю, што падштурхнула нас не зварочваць ад гэтай жывой сьценкі, а напіраць на яе, спрабуючы разьбіць. Жаўнеры цьвёрда стаялі, а мы апынуліся ў пастцы. Я ня бачыла, каго і як хапалі ды садзілі ў іхні «ментавозік», — на той момант я спрабавала адбіць у жаўнераў нашу расьцяжку, учапіўшыся ў тканіну па-мёртваму.

У коле АМОНу

Хтосьці з амонаўцаў «па-ўладарску» паклаў руку на маё плячо, але я толькі адмахнулася — маўляў, не перашкаджай. Між тым, адбывалася страшэнная тузаніна, нас сьціснулі з усіх бакоў. Зьбілі панаму з маёй галавы, а спартыўная сумка неяк апынулася пад нагамі, сасьлізнуўшы з плячэй. Усё гэта было мне да лямпачкі, я ведала, што мае рэчы нікуды ня дзенуцца. Галоўным тады для мяне было тое, што мы зноў страчваем нашу расьцяжку. Вядома, сілы былі больш чым няроўнымі: куды дзяўчыне цягацца зь дзясяткам натрэніраваных хлопцаў? I я вельмі хутка апынулася ля аўтобуса з затрыманымі. Без расьцяжкі, якая зьнікла ў коле амону. Увайшла і спакойна села на крэсла.

А людзей хапалі і хапалі. Калі ў салёне ўжо не было жывога месца, жаўнеры пачалі піхаць юнакоў і дзяўчат нагамі. I толькі калі ўжо было відавочна, што больш нікога запіхнуць немагчыма, нас вывезьлі з плошчы. Каталі доўга. Сьпёка. Амонаўцы і самі пакутавалі ад надзвычай жорсткага ў гэты дзень сонца, сварыліся між сабою, што выклікала ў нас сьмех.

Прыгожанькі Сярожка

У Савецкім РУУС, куды нас прывезьлі, чакаць давялося таксама доўга. Але сумаваць ніхто і ня думаў. Тэлефанавалі бацькам, каб паведаміць гэтую «радасную» навіну. Жартавалі зь нязлоснымі амонаўцамі — хлопцы нашых гадоў, фактычна гэткія ж дзеці, ставіліся да нас добразычліва. Кпілі, але бязь зьдзекаў. Адзін, прыгожанькі, па-добраму заляцаўся да дзяўчат.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Настасься Азарка, Нясьвіж

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0