Пачатак выбарчай кампаніі азначыўся масавым ціскам на незалежных кандыдатаў. Паводле зьвестак незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна», кандыдаты ад апазыцыйных партыяў складаюць толькі 2% сяброў аркуговых выбарчых камісій. Большасьць у камісіях трымае вэртыкаль. Самай дэмакратычнай называюць сябры «Вясны» выбарчую камісію на Глыбоччыне. У яе ўвайшлі па адным прадстаўніку з ПКБ, Народнай грамады і БНФ: 3 дэмакраты з 13 сяброў. На думку «Вясны», выбары пакуль не праходзяць пад азначэньне «свабодных» ні па адным парамэтры.

Першы ціск адчулі дэмакратычныя кандыдаты, якія падалі сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў. Робіцца ўсё, каб не дапусьціць нават іх рэгістрацыі.

Настаўніцы Берштаўскай базавай школы (Шчучынскі раён) Марыі Будзько загадчык аддзелу адукацыі Ўладзімер Дубок прыгразіў звальненьнем за ўдзел у групе Аляксандра Мілінкевіча.

Татальная «зачыстка» прайшла ў Барысаве, дзе вылучаецца Сяргей Салаш (ПБНФ). Сяброўку ініцыятыўнай групы Салаша пэнсіянэрку Тамару Садчанку змусілі пісьмова адмовіцца ад удзелу ў групе. Пазьней жанчына напісала ў акруговую камісію новую заяву, у якой указала на ціск з боку выбарчай камісіі й пацьвердзіла сваё жаданьне быць у ініцыятыўнай групе. Да яшчэ адной удзельніцы групы, Галіны Башковай, прадстаўнік выбарчай камісіі й кіраўнік яе прадпрыемства прыехалі на лецішча й прымусілі падпісаць заяву аб выхадзе з групы, прыгразіўшы не працягваць кантракту. Гэтыя заявы далі акруговай выбарчай камісіі падставу не рэгістраваць групу. Салаш, каб не губляць час, падаў для рэгістрацыі новы сьпіс ініцыятыўнай групы. У яе ўвайшлі толькі 15 чалавек (у першай было 80), на якіх вэртыкальшчыкам уплываць цяжэй.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін балятуецца ў Гомельскай-Навабеліцкай акрузе. У Менску па месцы жыхарства вылучаюцца Вінцук Вячорка (Зялёны Луг) і Анатоль Лябедзька (Сухарава). Зрэшты, А.Лябедзька не выключае, што можа адправіцца выбірацца ў Гарадзенскую вобласьць, «калі будзе рашэньне партыі». У Серабранцы маюць балятавацца кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і іншы лідэр АГП Аляксандар Дабравольскі. Па сваёй старой акрузе ідзе Станіслаў Шушкевіч. Валер Фралоў зьбіраецца балятавацца ў Фрунзэнскім раёне сталіцы, У.Парфяновіч — у Кастрычніцкім раёне, Сяргей Скрабец — у Лідзе.

Аркадзь Шанскі