Чаму чалавек ня можа атрымаць візу ў Літву сам, але лёгка можа купіць яе ў турагенцтве, пераплаціўшы 10 эўра?

Яшчэ 15 ліпеня Міністэрства замежных спраў Беларусі ўручыла літоўскаму паслу ноту супраць становішча з чэргамі і замаруджаным працэсам выдачы віз. Для разбору сытуацыі ў Менск прыбыла група чыноўнікаў консульскага дэпартамэнту МЗС Літвы на чале з Вайдатасам Вэрбам. Аднак і больш чым праз паўмесяца чэргі каля консульства ня зьніклі.

Людзі, якія паспыталі чэргаў каля літоўскага консульства, наракаюць на турфірмы, што афармляюць групы без папярэджаньняў: «Турфірмы замаруджваюць, а то і наагул прыпыняюць чаргу для асобных грамадзян. Запускаюць то 6-7 разоў па 10 чалавек, то тройчы па пяць — і ўсё». Людзі каля консульства проста ня ведаюць, чаго чакаць. А прадстаўнікі кампаній, якія займаюцца пасярэдніцкай дзейнасьцю, лічаць немэтазгодным ускладваць на іх віну за чэргі ў консульскія аддзелы: «Для нас існуе асобная чарга і акенцы на прыём дакумэнтаў».

Часовы павераны пасольства Літвы ў Беларусі Марыюс Януконіс не абвяргае наяўнасьці чэргаў. Але дае афіцыйную вэрсію іх узьнікненьня — новыя стандарты афармленьня анкет, зьвязаныя з уступленьнем Літвы ў Эўразьвяз. «Хаця мы і дабавілі людзей, кожны дзень застаецца па 10—15 непрынятых падаўцоў, — кажа ён. — Сэзонны ўсплёск абяцае спасьці да верасьня».

Права на выезд

Пераплаціўшы амаль палову кошту самой візы (напрыклад, у выпадку літоўскай, за аднаразовую — 20 эўра, двухразовую транзытную — 25 эўра, шматразовую — 35 эўра), атрымліваеш яе бяз страты нэрвовых клетак. Журналістка Сьвятлана Курс распавяла, што сама прастаяла колькі дзён каля консульства Літвы, а пасьля зьвярнулася да пасярэдніка — турфірмы. «Яны бяруць 8—10 эўра ў дадатак да кошту візы, але ж ня трэба чакаць у бясконцых чэргах», — кажа яна. Дарэчы, сума ў 10 эўра роўная, напрыклад, паўтара дня працы доктара ці пятнаццаці гадзінам працы выкладчыка ўнівэрсытэту без навуковай ступені. У менскіх турфірмах кажуць, што гэты кошт — толькі вынік калькуляцыі: праца супрацоўніка, канцылярскія выдаткі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Трафілаў