1 жніўня Польшча ўрачыста адзначыла 60-ю гадавіну Варшаўскага паўстаньня.

Прамова канцлера Шродэра на ўрачыстасьцях расчаравала палякаў. Для халоднага стаўленьня да Бэрліна Варшава мае і больш прагматычныя прычыны.

1 жніўня 1944 г. польская Армія Краёва распачала ў Варшаве ўзброенае выступленьне супраць нямецкай акупацыі, спадзеючыся яшчэ да прыходу Савецкае Арміі ўсталяваць у Польшчы незалежнае кіраваньне і тым самым уратаваць краіну ад сталінскага панаваньня. Аднак спадзевы палякаў на дапамогу Захаду ня спраўдзіліся, а Сталін адмовіў у выкарыстаньні савецкіх аэрадромаў дзеля падтрымкі Варшавы. Паўстаньне было задушана.

Савецкія дывізіі ў бязьдзеяньні пазіралі з правага берагу Віслы, як нямецкія танкавыя брыгады, падтрыманыя антыбальшавіцкімі расейскімі і ўкраінскімі злучэньнямі, жорстка распраўляліся з паўстанцамі і цывільнымі ды ператваралі Варшаву ў попел. У выніку задушэньня паўстаньня загінула, паводле некаторых падлікаў, каля 200 000 чалавек. Успрынятае палякамі як адна з самых гераічных і трагічных старонак польскае гісторыі, Паўстаньне зьяўляецца сымбалем прагі Польшчаю незалежнасьці.

Падчас сёлетняга ўшанаваньня памяці паўстанцаў у цэнтры ўвагі знаходзіўся візыт у Польшчу нямецкага канцлера Шродэра, а таксама праблемныя аспэкты польска-нямецкіх адносінаў. Яшчэ нядаўна цёплыя і даверлівыя, узаемадачыненьні дзьвюх краін перажываюць ня лепшы пэрыяд. Прычын таму некалькі.

Незадавальненьне польскага боку выклікае дзейнасьць у Нямеччыне так званага «Зьвязу выгнанцаў» (Bund der Vertiebenen), які імкнецца прадстаўляць інтарэсы немцаў, дэпартаваных з далучаных да Польшчы нямецкіх тэрыторый. Кіруе Зьвязам дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад партыі ХДС (хрысьціянскія дэмакраты) Эрыка Штэйнбах, чыя (адмоўная) папулярнасьць у Польшчы значна перавышае вядомасьць самога канцлера Шродэра.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяржук Вінаградаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0