Ехаў казачнік-байкер…

Раскажу, хоць людзі ня звыклі

й будуць лаяць: маўляў, маўчы!

Ехаў казачнік на матацыкле.

Без глушыльніка. Уначы.

На ўсёй хуткасьці лётаў у сьне.

Па ім плакаў будынак жоўты…

— Баяць ці не?

— Ды пайшоў ты!..

Зараз будзе яму праблема:

неба ў краткі, адзежа ў паскі!

Бач, разьезьдзіўся тут бяз шлема

і — бяз каскі! — развозіць казкі!

Лепш пяяў бы на старане!

Хто прачнуўся, вельмі сярдзіты.

— Баяць ці не?

— Ды йдзі ты!..

«Гэта, ясна, жыдамасон!»

І начному госьцю ня радыя.

Лепей бачыць дазволены сон,

лепей слухаць дзяржаўнае радыё!

Бачаць байкі яго ў труне

і славянскі піпал, і балты.

— Баяць ці не?

— Задзяўбаў ты!..

Ды аднойчы знайшоў 9-ы

дом на вуліцы Байкер-стрыт:

тут яго і ў будні, і ў сьвяты

слухаць маюць натхненьне й спрыт.

Не хапала праўды ў мане?

Не хапала байкі — хапай!

— Баяць ці не?

— Тут бай!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0