«Мы можам жыць прыгажэй, прыямней, лепей»

Палітыку і журналісту Аляксею Шэіну 28 гадоў. Ён мяркуе балятавацца ў ПП НС у Валожынскай акрузе. Ягоны бацька нарадзіўся ва Ўладзікаўказе (Асеція) у сям’і вайскоўца, закончыў Інстытут замежных моў у Менску (франкафонія й арабістыка). Аляксей нарадзіўся ў Менску, пасьля сям’я пераехала ў Горадню. Маці была журналісткай, ад утварэньня радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» працавала там. Потым шчыравала рэдактарам гарадзенскага радыё. Сам Аляксей скончыў філфак БДУ, але стала займаецца палітыкай. Захапляецца геалёгіяй, літаратурай, кінадакумэнталістыкай. Нежанаты. Мае 24-гадовага брата. Зьбіраецца заснаваць хрысьціянска-дэмакратычны палітычны рух.

«НН»: Вы заяўляеце, што будзеце ствараць хрысьціянска-дэмакратычны рух. Але падобна, што ў Эўропе гэтыя рухі выходзяць з моды, дый у Севярынца гэта ня надта ўдалося…

АШ: Любы ўздым — эканамічны, сацыяльны й культурны — заўжды грунтаваўся на духоўным уздыме. Амэрыка паднялася, бо яе заснавальнікі былі людзі з выразным хрысьціянскім сьветапоглядам, зь верай у Бога, з адпаведным стаўленьнем да працы й жаданьнем посьпеху. А ў ХХ ст. добрым прыкладам паўстаньня краіны можа служыць Паўднёвая Карэя — будысцкая краіна, у якой у 50—70 гады палова насельніцтва перайшла ў пратэстантызм. Выйгралі будысты, хрысьціяне і гаспадарка. Вера асьвяжыла грамадзкі клімат, і на гэтым фэномэне вырас славуты азіяцкі тыгр. Карупцыя на парадак меншая ў краінах, дзе людзі, у тым ліку чыноўнікі, вераць у існаваньне пекла…

«НН»: Каталіцкі касьцёл заявіў, што пекла са смалою, патэльнямі, смуглымі чарцямі, вечным агнём і скрыгатам зубоў няма…

АШ: Вашы пытаньні сьпіхнуць нас да глыбіняў тэалёгіі, але я адкажу: натуральна, пекла з патэльнямі не існуе. Пекла — духоўныя пакуты. Ісус сказаў, што ў пекле людзі аддзелены ад Бога. Аднак вяртаемся да пытаньня. Духоўны пад’ём — пэрспэктыва для Беларусі. Цяпер яго няма нізваньня, адсюль цяжкі стан грамадзтва. Калі мы паглядзім на пратэстанцкія і каталіцкія сем’і, мы ўбачым большую заможнасьць, шчаснасьць, меншую колькасьць звад, алькагалізму й разводаў. Пратэстанты ўвогуле амаль ніколі не разводзяцца.

«НН»: Першае месца ў Эўропе па разводах трымаем. Сацыёлягі кажуць: роспач, атамізацыя грамадзтва…

АШ: Хрысьціянскія сем’і — ня фікцыя, гэта рэальныя сем’і, дзе многа дзяцей, дзе бацькі любяць дзяцей, а дзеці — бацькоў. Калі шчасьце чалавека і сям’і, асабісты, індывідуальны посьпех і прагрэс залежаць ад хрысьціянскасьці, духоўнасьці, гэты ж закон дзейнічае і на грамадзкім узроўні.

Богу цікавае ўсё

«НН»: Гучыць ідэалістычна. Беларусы — прагматычныя людзі (найлепшыя беларускія мысьляры нават кажуць, што груба й вузка прагматычныя, з ухілам у бульбяны рэалізм). Палітыку й рэлігію людзі ўспрымаюць як рэчы процілеглыя — «бы алей і вада, зьмешваць іх — адна бяда». Для палітыка файна, калі ён чалавек хітры, спрытны, у меру амаральны, дзейсны, схільны да закулісных гульняў і кампрамісаў. Не падобна да партрэта добрага хрысьціяніна.

АШ: Гэты ўстарэлы падыход культываваўся ў часы Маркса і культывуецца ў постмарксісцкія часы, у якіх мы тут знаходзімся. КПСС заяўляла: хай ваш Бог застаецца ў храме, не пераступае яго парогу. Ёсьць іншыя падыходы, як у той жа Скандынавіі. Калі чалавек верыць у Бога, ён не павінен адкідаць палітыку. З гледзішча сучасных філязофскіх плыняў, Богу, які стварыў сьвет, цікавае ўсё, у тым ліку й палітыка. Бог цікавіцца ня толькі індывідуумам і ягонай сфэрай дзейнасьці, але й тым, як разьвіваецца грамадзтва. Меркаваньне, што палітыка — брудная рэч, гэта стэрэатып. Пытаньні можна вырашаць і ня надта пэцкаючыся. Да таго ж, а хто яе будзе «чысьціць», як ня «чыстыя» людзі? Зь іншага боку, палітыка ня больш брудная, чым усе астатнія сфэры чалавечае дзейнасьці. Я калісьці працаваў у музэі Янкі Купалы. Музэй! Янкі Купалы! Але й там пэўнага часу быў сапраўдны гадзючнік.

«НН»: Давайце пагаворым рэзка, паўтрыруем зьлёгку: паспалітае грамадзтва ўважае хрысьціянства за слабасьць. Хрысьціянін — гэта нехта хворы, слабы й бедны. Хрысьціянін — ня мача, хрысьціянін успрымаецца не як пасьпяховы чалавек, а як варона. Да таго ж, як сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні, грамадзтва пасьпяхова ламае ўсе запаветы хрысьціянства: квітнее п’янства, аборты, разводы. Дзейнічае перакананьне: ня ўкрадзеш — не пражывеш, суд — як дышла. 65% дзяўчат хочуць не каханага, а багатага мужа і да т.п. Гэта Вашы выбарцы. Няўжо вы думаеце, што яны прагаласуюць за хрысьціяніна?

АШ: Усё гэта наступствы сацыялістычных часоў. Я ведаю, што гэта трэба мяняць, і ведаю, як патрэбна дзейнічаць. Людзям жа трэба сказаць, што хрысьціяне — пасьпяховыя, свабодныя людзі. Заходняе хрысьціянства, у адрозьненьне ад расейскага праваслаўя, наўпрост заахвочвае людзей да шчырай, разумна арганізаванай працы. У мяне некалькі знаёмых бізнэсоўцаў-пратэстантаў (бізнэс жа таксама лічыцца «нехрысьціянскім» рамяством), якія маюць посьпех нават у гэтай заганнай эканамічнай сыстэме.

Генная памяць

«НН»: Чаму для свае палітычнае дзейнасьці Вы абралі Ракаў?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыла Сьвятлана Курс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0