З 2 да 8 жніўня ў месьце Вісьбі, што на швэдзкай (з 1645 г.) высьпе Готлянд, адбыўся традыцыйны «Тыдзень Сярэднявечча».

Фэст пачаўся з малітвы і царкоўнага шэсьця на могілкі, дзе спачываюць целы 2000 месьцічаў, забітых пры штурме гораду дацкім каралём Вальдэмарам у 1361 г. Сьвяточная праграма наступнага дня пачалася з інсцэніроўкі «штурму і несправядлівага ўваходжаньня дацкага караля ў Вісьбі» і рабаваньня датчанамі места. Пад крыкі сучасных месьцічаў «Дацкія сьвіньні!» Вальдэмар атрымаў ключы ад гораду, а жаўнеры-акупанты абабралі сяброў магістрату. Потым адбылося паказальнае «пакараньне» дзяўчыны, якая, закахаўшыся ў дацкага караля, адчыніла гарадзкую браму, а пасьля сыходу датчан была зажыва замураваная ў гарадзкую вежу.

На працягу наступных сямі дзён тутэйшыя і турысты з усяго сьвету наведалі каля 1000 розных імпрэзаў, якія пачыналіся а 12 гадзіне і заканчваліся далёка за поўнач. Сярод іх — прафэсійныя і аматарскія рыцарскія турніры, спаборніцтва лучнікаў, сярэднявечныя шэсьці і маскарады, кірмаш, канцэрты фольк-гуртоў, фэст клясычнай музыкі, шахматны матч паміж Швэцыяй і Даніяй, дзе фігурамі былі жывыя людзі, рэстараны і бары са старажытнай ежай, півам і сапраўдным «мёдам» з нашых казак. Амаль кожны жыхар места і ўсе швэды-турысты пераапрануліся падчас фэсту разам зь дзеткамі ў сярэднявечнае адзеньне.

Сярод рыцарскіх клюбаў былі заўважаны, апроч швэдзкіх, ангельскія і эстонскія. Побач з сусьветна вядомымі фольк-гуртамі, што граюць рыцарскую музыку (такімі, як «Wolgemot»), у сьвяце бралі ўдзел маладыя музыкі, у тым ліку з Расеі (Новасібірск).

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Андрэй Катлярчук,

спэцкар «НН» у Швэцыі.

Вісьбі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0