Падзеі апошняга тыдня далі падставу для карэкцыі дзяржаўнага гімну: мы, беларусы, ня мірныя, а хуткія людзі.

Тузін мэдалёў, атрыманых беларускімі атлетамі, вярнулі інтарэс беларускага абывацеля да Афінаў. Але дастаткова было аднаго. Мэдаля, які ўзяла Юлія Несьцярэнка ў спрынце. Так выйшла, што прэстыжная катэгорыя спорту, акалічнасьці перамогі і асоба чэмпіёнкі прыйшліся да густу ўсім слаям нацыі.

Задаволеныя ўлады. Трыюмф Несьцярэнкі сымбалічна кампэнсуе правал першых дзён спаборніцтваў і відавочны аблом з устаноўкай на 25 мэдалеў. Цяпер няцяжка прыкінуць, як будзе адбывацца пасьляалімпійскі разбор палётаў. Ня будзе татальнага лякаўту трэнэрскага складу і пэрсанальнага славеснага апускалава: «Я цябе на памойцы знайшоў, а ты…» Галоўны сябар беларускіх фізкультурнікаў, натуральна, пажурыць лузэраў, а потым пяшчотна павіншуе Юлію. Іх парны здымак будуць доўга смакаваць.

Задаволеная апазыцыя. Праблемы з уключэньнем Несьцярэнкі ў склад зборнай далі падставу Старыкевічу назваць спартоўку «апальнай». Цяпер можна юзаць тэму, што рынкавы сацыялізм ня здольны разгледзець талент. А вось калі б у нас быў рынак і інвэстыцыі!

Задаволеныя левыя. Сям’я чэмпіёнкі сьвету ня мае асабістай кватэры і жыве ў інтэрнаце (!), што цэмэнтуе міт аб тым, што соль нацыі — ня нобілі, якія шпурляюць боўлінг-шары ў «Мэдысан-клюбе», а звычайныя людзі.

Задаволеныя правыя. «Я веру ў Бога і думаю, што Бог, убачыўшы ўсе мае намаганьні, вырашыў мне дапамагчы», — з цытаты Юліі на прэс-канфэрэнцыі. Без камэнтароў.

Задаволеныя буржуа. На фоне відавочнага дэфіцыту яскравых асоб на беларускай сцэне фотагенічная Несьцярэнка — проста скарб. Сваім візуальным прыкладам яна можа выклікаць масавы інтарэс да спажываньня таго ці іншага прадукту. Цікава, якія білборды з выявай Юліі і спартшоты да іх мы ўбачым найбліжэйшым часам?.. «Бягу з чэмпіёнскай хуткасцью, каб падпісацца на «Беларусь сегодня» і пяць дадаткаў да яе» або «Адзінае, чаго я не магу перагнаць, — «Фальксваген-Бора»?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0