«Indiga», 2004, «БМА-group»

Ляўрэат леташняга «Басовішча» прапануе пражыць тыдзень за 28 хвілін. Паводле канцэпцыі альбому, кожны трэк сымбалізуе пэўны дзень тыдня. «Дні» распальваюць адразу «Тры сонцы», аўторак напоўнены каханьнем — «Вер мне», у сераду стомленая гераіня зьбягае ў цемру і зьдзяйсьняе «Начны шпацыр»… Стомленасьць зьнікае толькі ў суботу, калі распачынаюцца «Танцы на краі». Яшчэ адзін намёк на пераемнасьць традыцый — «Цэпэліны» з рэпэртуару «Новага неба». У бэк-вакале гэтай кампазыцыі можна пачуць сёлетніх пераможцаў — гурт «Тарпач».

Альбом быў запісаны ў студыі Беластоцкага радыё — у адрозьненьне ад некаторых іншых мінулагодніх ляўрэатаў, якія аналягічным падарункам так і не скарысталіся. Пісаць тэксты вакалістцы Русі дапамог Андрэй Хадановіч.

Загана альбому — аднастайнасьць песень і адсутнасьць маторнага гіта. «Дні» — прадукт у найвышэйшай ступені некамэрцыйны. Ад гэтага яго вартасьць для сапраўдных знаўцаў толькі павышаецца. Адзінае, што «Дні» пралятаюць хутка: 8 песень — 28 хвілін. Хоць бы гэтак жа хутка ня згасла зорка «Indiga».

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0