Магчымасьць рабіць сьмерць шакуе людзей менш, чым магчымасьць рабіць новае жыцьцё

Дыскусія вакол кланаваньня чалавека трывае шмат гадоў. Плёнам яе сярод іншага стала адрозьніваньне тэрапэўтычнага і рэпрадукцыйнага кланаваньня чалавечых эмбрыёнаў. Першае — кланаваньне эмбрыёнаў для навуковых дасьледаваньняў у тэрапэўтычных мэтах. Другое ставіць на мэце стварэньне новай чалавечай істоты з паўтораным геномам, нараджэньне дзіцяці — дакладнай генэтычнай копіі чалавека, які жыве ці нават ужо памёр.

У сёлетнім жніўні група дасьледчыкаў з унівэрсытэту Ньюкаслу атрымала першую ў Эўропе ліцэнзію на кланаваньне чалавечых эмбрыёнаў. Гэты дазвол стаў магчымы менавіта дзякуючы адрозьніваньню рэпрадукцыйнага і тэрапэўтычнага кланаваньня, адлюстраванаму ў брытанскім заканадаўстве. Брытанскі Закон аб чалавечай эмбрыялёгіі забараняе рэпрадукцыйнае кланаваньне і прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня волі для магчымых парушальнікаў забароны. Аднак дадатак да закону, прыняты ў 2001 годзе, дазваляе лябараторныя дасьледаваньні з выкарыстаньнем кланаваных эмбрыёнаў, якія павінны зьнішчацца па заканчэньні экспэрымэнтаў.

Жыцьцё даўжынёю два тыдні

Кланаваныя эмбрыёны патрэбныя для атрыманьня так званых ствалавых клетак, якія могуць разьвівацца ў клеткі любых тканак чалавечага цела. Практычная мэта дасьледаваньняў брытанскіх навукоўцаў — распрацоўка новых мэтадаў лячэньня хвароб Альцгеймэра, Паркінсона, дыябэту. Тэхналёгія, якую выкарыстоўвае група навукоўцаў зь Ньюкаслу, называецца заменай клеткавага ядра: ядро донарскай яйцаклеткі замяняюць ядром клеткі чалавека (напрыклад, клеткі скуры), чый генэтычны код клануецца. У выніку штучнай стымуляцыі яйцаклетка пачынае дзяліцца і расьці, як звычайны эмбрыён. Кланаваныя эмбрыёны будуць жыць ня больш як 14 дзён.

Забарона рэпрадукцыйнага кланаваньня мае шанец набыць статус табу, прынамсі ў той частцы сьвету, дзе ўзровень разьвіцьця навукі дазваляе праводзіць такія экспэрымэнты. Так, забарона рэпрадукцыйнага кланаваньня прадугледжвалася ў абодвух праектах рэзалюцый пра кланаваньне, якія прапаноўваліся да прыняцьця ў ААН. Ніводны праект ня быў прыняты, бо няма згоды ў стаўленьні да тэрапэўтычнага кланаваньня.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Пяткевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0