Сёлета Беларускі ліцэй набраў толькі адну групу першакурсьнікаў. Ахвоту пачаць навучаньне на першым курсе выказалі 9 чалавек. Яшчэ 5 навучэнцаў дадаліся на іншыя курсы. Лявон Баршчэўскі ў размове з карэспандэнтам «НН» быў крыху расчараваны: чакаў, што ў Менску больш азавецца беларускамоўных бацькоў. Аднак ён не губляе аптымізму і спадзяецца, што да пачатку верасьня колькасьць першакурсьнікаў павялічыцца.
Прычынай такой малой актыўнасьці Баршчэўскі лічыць адсутнасьць сталага памяшканьня: бацькам страшнавата адпускаць дзяцей 8—9-х клясаў «боўтацца» з кватэры на кватэру. 10—11-клясьнікам бацькі давяраюць болей. Магчыма, у будучыні Ліцэй пяройдзе на набор толькі дзьвюх старшых паралеляў.
Сёлетнія прэтэндэнты на званьне ліцэістаў здавалі іспыты па беларускай мове (пісьмовы тэст) і замежнай мове (тэст і сумоўе). Ад традыцыйнага для Ліцэю экзамэну па гісторыі Беларусі выкладчыкі вырашылі адмовіцца: умовы не спрыялі.
«Хочам вучыцца па-беларуску»
А ў 16.00 1 верасьня сябры незарэгістраваных ініцыятываў Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Моладзевая ініцыятыва «Вока» і Моладзь Беларускага ліцэю заклікалі дзяўчат і юнакоў сабрацца на Кастрычніцкім пляцы на масавую акцыю ў падтрымку беларускае мовы пад лёзунгам «Хочам вучыцца па-беларуску». Такія самыя акцыі рыхтуюцца ў Берасьці, Горадні, Віцебску й Слоніме.
Сёлетнія выпускнікі Ліцэю падтрымліваюць кантакты з навучальнай установай, прыходзяць на штотыднёвыя ліцэйскія сходы ў чацьвяргі. Усе яны цяпер студэнты — як беларускіх ВНУ, так і ўстаноў Чэхіі, Літвы, Польшчы, Нямеччыны. Толькі адна дзяўчына, якая падавала дакумэнты ў Акадэмію мастацтваў, не прайшла па конкурсе.
Паехаць жа за мяжу па ліцэйскай праграме яна ня здолела, бо сваім часам вырашыла не здаваць ліцэйскіх іспытаў.
Ліцэйскія сходы каля старога будынку аднавіліся з пачатку жніўня. Прыходзяць настаўнікі (аніхто зь іх не сышоў), бацькі, вучні. Знаёмяцца з новенькімі, распавядаюць, як хто бавіў лета: у ліпені блізу 30 ліцэістаў былі ў летніку на возеры Сьвір.
19 жніўня ўпершыню на ліцэйскі сход завіталі міліцыянты. Некаторыя былі ня ў форме, але ўсё ж знаёмыя твары — усё мінулае лета прабавілі побач. Не абышлося і бяз здымак на відэакамэру. З машыны, дзе сядзелі міліцыянты, зьявіліся й нейкія тры амбалы. Пасядзелі на лавачцы, паназіралі за ліцэйскім сходам, але блізка не падыходзілі. Тых, хто ўжо стаяў у пікетах, міліцыя не спалохала.
Навічкі не адчуваюць сябе разгубленымі ў новай абстаноўцы, з малазнаёмымі людзьмі. Для ліцэістаў сёньня ўсё проста: усе, хто з намі, — свае. Таму сыходзяцца вельмі хутка. Марыя паступіла на 3-і курс, ёй давядзецца штодня езьдзіць у Менск на электрычцы з раёну. Бацькоў выбар дачкі не палохае й не спыняе. «Дзеці ў нас самастойныя. Сын — актывіст АГП. Мы ўсьведамляем, на што ідзём», — кажа маці.
Антось паступіў на 4-ы курс. Для Ліцэю такія навучэнцы — вынятак, бо цяжка вучыць апошні год чалавека, які дагэтуль навучаўся па зусім іншых праграмах. Раней вучыўся ў гімназіі на Паўднёвым Захадзе. Гімназія была сьпярша беларускай, але гадоў шэсьць таму стала расейскай. Кажа, што пра Ліцэй ведаў ад сяброў, якія яго скончылі й якія навучаюцца сёньня. Вырашыў пайсьці ў Ліцэй, бо яму спадабалася атмасфэра, якая тут пануе. Бацькі сьпярша былі супраць, але хутка далі сябе ўгаварыць.
1 верасьня а 10-й гадзіне ліцэісты традыцыйна прыйдуць на Дзень ведаў да свайго будынку па вул.Кірава, 21.
Аркадзь Шанскі