У савецкія часы папулярнай была гісторыя пра піянера-героя, які склаў сваю галаву ў бітве за ўраджай. Машына на калгасным полі падчапіла разам з бульбаю старую бомбу. Піянер ня даў лататы — як каршун ён кінуўся да аб’екта свайго подзьвігу, прытуліў да цела. Бомба ня вытрымала такой увагі і падарвалася. Агітатаркі падкрэсьлівалі, што сваім ахвярным учынкам піянер-герой выратаваў (рэліктавую) калгасную тэхніку — што дазволіла пасьля перавыканаць плян уборкі. Штогод мы ператвараемся ў ахвяраў бітвы за ўраджай.

Ураджай адстрэльваецца, агрызаецца з акопаў, а стомленыя камбайнэры бяруць закладнікаў. Штогод журналісты на каманду Галоўнакамандуючага лезуць пад карову, мацаюць зерне і абвяшчаюць перамогу над злосным ворагам.

Вось толькі эканамічных падстаў для такой бітвы няма. У Злучаных Штатах ці ў Канадзе з ураджаем чамусьці не змагаюцца — а ўбіраюць і прадаюць, і ня ведаюць нават куды падзець.

Ёсьць палітычныя падставы для вайны. Калгасы прагнілі дазваньня, але зьяўляюцца крыніцаю рабства і — паводле прызнаньня кіраўніка дзяржавы — хрыбтом дыктатуры на вёсцы. Калгасна-вайсковае змаганьне ёсьць дадатковым апраўданьнем спарахнелай сыстэмы. Рукі ў людзей занятыя.

Ёсьць — акрамя навязьлівых настальгічных комплексаў галоўнага экспэрта па саўгасах — і сымбалічныя прычыны вайны. Любая ўлада трымаецца на сымбалях, але ў выпадку зь сёньняшняй беларускай сыстэмай гэтыя сымбалі надзвычай архаічныя.

Як у хворай на Кім Ір Сэна Паўночнай Карэі і як у часы Сталіна, кіраўнік на жытнёвым полі — гэта забыты Бог-апладняльнік, які згвалтаваў зямлю, узяў яе і стаў сымбалічным Бацькам усяго жывога. Усё жывое — ахвяра бітвы за ўраджай — і мусіць дзякаваць новапрызначанаму стваральніку за існаваньне.

Ды толькі ў постіндустрыйныя часы аграрная архаіка блякне. Бітва за ўраджай не канкурэнт «Doom’у», яна ня здольная цягацца па папулярнасьці з галівудзкімі шоў. Гэта інэрцыя безнадзейна памерлага, якая ператварае саміх стваральнікаў і замоўцаў у ахвяры.

Ахвяры архаічныя, недарэчныя, сарамліва-сьмешныя — і даўно ўжо нікому не патрэбныя.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0