Аршанская філія віцебскага прадпрыемства «Дзяржбудунівэрсал» стала 14-й арганізацыяй, якая пад ціскам аршанскіх уладаў адмовіла рэдакцыі незалежнай газэты «Куцейна» ў арэндзе памяшканьня.
Такім чынам, рэдакцыя ня можа набыць юрыдычны адрас і легальны статус. Кіраўнікі ахвотна пагаджаюцца здаць у арэнду пустыя памяшканьні ў будынках сваіх прадпрыемстваў. Праблемы пачынаюцца, калі Віктар Андрэеў, падпарадкоўваючыся заканадаўству, зьвяртаецца да гарадзкой вэртыкалі для «ўзгадненьня» новага юрыдычнага адрасу газэты. Кіраўнікі ўстаноў за адну ноч мяняюць сваё стаўленьне.
Гэтую традыцыю — не даваць уладкавацца ў горадзе незалежнай газэце — распачаў у Воршы яе былы мэр Валянцін Майсяюк. В.Майсеюка зачапіў артыкул у «Куцейне», які грунтаваўся на перададзеных супрацоўнікамі праваахоўных органаў матэрыялах разбору кватэрных махінацый. Тады й пайшла негалосная забарона на тутэйшыя незалежныя выданьні.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Міхал Чарвінскі, Віцебск