Фрагмэнты прамовы прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы на Дзень незалежнасьці Ўкраіны

Дарагія мае суайчыньнікі!

Нядаўна споўнілася дзесяць год майго прэзыдэнцтва. Будзе, мяркую, дарэчы, калі я скарыстаю такую нагоду, як наша галоўнае сьвята, каб пазнаёміць сваіх суайчыньнікаў з маім асабістым поглядам на вынікі гэтага дзесяцігодзьдзя.

Нагадаю, што і ў 1994 г., і ў 99-м гаворка ішла пра выбар ня толькі і нават ня столькі канкрэтнай асобы на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве, колькі палітычнага курсу, што вылучаўся гэтай асобай.

Нашы пераўтварэньні нагадвалі блуканьні па пустыні. Яны зьдзяйсьняліся адразу на чатырох франтах, адначасова ў чатырох трансфармацыйных плоскасьцях. Па-першае, трэба было перавесьці правінцыю разваленай імпэрыі ў статус сувэрэннай дзяржавы.

Па-другое, аскепак грандыёзнай каманднай, у значнай ступені мілітарызаванай эканомікі трэба было ператварыць у нацыянальную эканоміку рыначнага цывільнага тыпу.

Па-трэцяе, на руінах таталітарнага аднапартыйнага грамадзтва трэба было пабудаваць дэмакратычную грамадзянскую супольнасьць.

Па-чацьвёртае, трэба было перавесьці 50-мільённы фрагмэнт так званага «савецкага народу» на ўзровень самадастатковай палітычнай нацыі.

Рэальная Ўкраінская дзяржава, якая існавала з 1917 да 1919 году, была ўвасабленьнем украінскай нацыянальнай ідэі, украінскай нацыянальнай мары. Без ідэі, бяз мары нічога ня выйшла б. Ідэя — перш за ўсё.

Рэальная Ўкраінская дзяржава пачатку ХХ стагодзьдзя была зьнішчана, але яе месца, згодна з ідэалёгіяй і практыкай ленінізму, заняло нацыянальна-тэрытарыяльнае ўтварэньне, якое мела ў сабе зародкі будучай паўнацэннай дзяржаўнасьці. Украіна мела свой псэўда-, але ж урад, свой гімн, іншую дзяржаўную атрыбутыку. Насуперак волі імітатараў закладаўся падмурак будучага паўнавартаснага сувэрэнітэту.

Яшчэ шмат трэба зрабіць для фармаваньня новай палітычнай эліты. Але галоўнае, ад чаго будзе залежаць замацаваньне сапраўднага сувэрэнітэту, — незваротнасьць зрухаў у палітычнай сьвядомасьці народу, у яго культуры. Гэта патрабуе пераадоленьня трывалых стэрэатыпаў, а таксама якасных зьмен ва ўсім укладзе нашага жыцьця.

Спробы штучна паскорыць гэты складаны працэс могуць толькі пашкодзіць. Але нічога не рабіць для паскарэньня — значыць спыніць увесь працэс.

Нагадаю, што амаль адразу пасьля першага выбраньня на пасаду прэзыдэнта мяне абвінавачвалі ў спробах узурпаваць уладу. У сувязі з гэтым я павінен сьмела падкрэсьліць такую заслугу ўкраінскага кіраўніцтва, а ў шырэйшым сэнсе — украінскага народу, як скасаваньне «ўлады саветаў».

Будзем шчырыя. Калі б яшчэ на нейкі тэрмін — досыць кароткі! — прадоўжылася «ўлада саветаў» у постсавецкай Украіне, дык яна проста ператварылася б у контррэвалюцыйную сілу.

Тыя саветы маглі б выклікаць новую сацыялістычную рэвалюцыю. Гэта былі асяродкі і сілы «чырвонага» рэваншу.

Учарашняя правінцыя, якая пачынала з таго, што прывучала сьвет да ісьціны, што Ўкраіна — не Расея, вучылася мысьліць геапалітычна, дзейнічаць стратэгічна. Мы разумелі, што нашы крокі без распрацаванай далёкасяжнай лініі — ня больш чым канвульсійныя, малапрадукцыйныя і неўпарадкаваныя рухі. Таму і абгрунтавалі ды распачалі рэалізацыю стратэгічнага курсу, які вызначае напрамак нашага разьвіцьця сама меней у першай палове XXI стагодзьдзя.

Курс гэты — эўрапейскі выбар. Сам тэрмін дзяржаўнай стратэгіі сьведчыць, што былі і іншыя варыянты, але эўрапеізацыя зрабілася ўжо ў нас нацыянальнай ідэяй.

Дазвольце спыніцца на стрыжні ўсёабдымных трансфармацый — эканоміцы. Выстаяць і падняцца нам дапамог, вядома ж, рынак, гэта значыць рэформа эканомікі, якая грунтуецца на эканамічнай свабодзе.

Мы разумелі: без структурнага аздараўленьня эканомікі, без «крутога павароту» ад эканомікі, што вырабляла «на склад», да эканомікі, што працуе на спажываньне, — ня будзе якаснага прарыву ва ўмацаваньні дзяржавы ды паляпшэньні дабрабыту яе народу. Мы выразна ўсьведамлялі, што прадпрымальніку трэба даць поўную свабоду.

Дзякуючы сыстэмнай 10-гадовай рэфарматарскай рабоце валавы ўнутраны прадукт як выразьнік вызваленай энэргіі народу і высокаэфэктыўнага ўрадавага мэнэджмэнту працягвае расьці.

Ён перасягнуў ужо сёлета самыя аптымістычныя прагнозы, склаўшы 13,5%, пры гэтым прырост прамысловага валу павялічыўся на 14,7%, сельскай гаспадаркі — на 26,5%.

Вялікі шанец для дэмакратычнага пад’ёму дае палітычная рэформа. Яна прадугледжвае ўсталяваньне такой сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, якая зробіць немагчымай якую б там ні было рэстаўрацыю аднаасобнай канцэнтрацыі ўладных паўнамоцтваў.

І, нарэшце, апошняя цагліна — нацыятварэньне як аснова заснаваньня ды існаваньня дзяржавы.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0