Галоўнай прычынай уручэньня ордэна Скарыны Вячаславу Трубнікаву стаў ягоны 60-гадовы юбілей.

Аднак юбілей быў у красавіку, а Лукашэнка ўзнагародзіў расейскага генэрала толькі пасьля таго, як 3 жніўня Трубнікава вызвалілі ад пасады першага намесьніка замежных спраў Расеі і назначылі паслом у Індыі. Відаць, узнагарода знайшла свайго героя за нейкія мінулыя заслугі.

10 студзеня 1996 г. Трубнікаў быў назначаны дырэктарам Службы замежнай разьведкі РФ, зьмяніўшы Яўгена Прымакова. Трубнікаў заўсёды лічыўся і лічыцца членам каманды Прымакова. У студзені 1998 г. ён стаў генэралам арміі. Дагэтуль ніводзін з кіраўнікоў расейскай разьведкі не ўдастойваўся такога высокага воінскага званьня. Цікава, што дагэтуль цыркулюе няясная інфармацыя пра тое, што ў 1999 г. Трубнікаву было нададзена званьне Героя Расеі.

З прыходам Пуціна ў Крэмль у 2000-м Трубнікаў аказаўся на пасадзе першага намесьніка міністра замежных спраў, курыруючы справы СНД.

Што мог ён зрабіць карыснага для Лукашэнкі? За гады работы дырэктарам СЗР — шчодра дзяліцца замежнай інфармацыяй. Асабліва той, што датычыла суседзяў Беларусі, якія зрабіліся членамі NATO. Бо рэшткі савецкай агентуры за мяжой, як і ўласнасьць былога СССР, перайшлі да РФ. Ну, а стаўшы ў МЗС куратарам СНД, — дзейсна прыкрываць Лукашэнку ў міжнародных структурах. Бо СНД таксама ж лічыцца адной з такіх структур.

Ня выключана, што ўзнагарода магла быць уручана ня толькі за мінулае. Вядома, што Індыя зьяўляецца адным з найбуйнейшых пакупнікоў вайсковай тэхнікі. У Беларусі з Расеяй ёсьць цэлыя праграмы сумеснага абароннага заказу. І роля расейскага пасла ў Дэлі (Трубнікаў у 80-х гадах кіраваў рэзыдэнтурай савецкай разьведкі ў Індыі пад прыкрыцьцём журналіста) уяўляецца значнай.

Узнагародзіўшы новага расейскага пасла, Лукашэнка можа разьлічваць на далейшае цеснае супрацоўніцтва з так званай камандай Прымакова. Дарэчы, кажуць, што патрыярх расейскай палітыкі Прымакоў рэгулярна дзеліцца з Пуціным сваімі прагнозамі адносна разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі.

Раман Якаўлеўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0