Часлаў Пяткевіч. Рэчыцкае Палесьсе. Менск: Беларускі кнігазбор, 2004.

Калі параўноўваеш духоўную культуру старога і новага Палесься, заўважаеш нязводнае ў жыцьці палешукоў: атамізаванасьць вёскі і масавае бытавое зладзейства. Чытачоў уразіць у гэтай кнізе і багацьце «ненарматыўнае» лексыкі, што існавала ў беларускай мове, пакуль зь ёю не папрацавалі майстры яе «ўшляхотненьня».

З усіх рэгіёнаў Радзімы ў мяне найбольшая цікавасьць да таго, які пачынаецца ад Парычаў, Любані, Старобіна і — пішуць — ад Чудзіна. Гэта Ўсходняе Палесьсе. Нарадзіўшыся ў паўночна-заходнім яго кутку, дзе сыходзяцца мазырскія, слуцкія і гарадзенска-баранавіцкія гаворкі, дзе, як лічыў Яўхім Карскі, праходзіць мяжа паміж уласна беларускім абшарам і краем, які мы называем Заходнім Палесьсем, я, на свой сорам, мала ведаў пра астатнія часткі Ўсходняга Палесься. На тое былі дзьве прычыны: аддзеленасьць цяперашніх Ганцавіцкага і Лунінецкага раёнаў ад рэшты этнаграфічнага рэгіёну адміністрацыйнаю мяжою і адсутнасьць грунтоўнае працы пра рэгіён.

Пра тое, што ёсьць кніга Часлава Пяткевіча пра Ўсходняе Палесьсе, я (і ня толькі я) толькі чуў. І вось цяпер гэтая кніга выйшла па-беларуску. І яшчэ раз пераканала мяне ў далучанасьці майго роднага кутка менавіта да гэтага рэгіёну. Ня толькі звычкі і завядзёнкі рэчыцкіх палешукоў падобныя да нашых — шмат агульных лексэм, якіх больш нідзе не сустрэнеш.

Кніга Ч.Пяткевіча дапаможа чытачом, асабліва моладзі, зазірнуць у мінуўшчыну не адно Палесься — усяе Беларусі. Як чалавек, які чытаў свае першыя кніжкі і рабіў урокі пры лучыне і лямпе, я здагадваюся, што асобныя мясьціны гэтае кнігі могуць гэтага чытача шакаваць. Хоць бы разьдзел «Гігіена»… Але лазьняў не было і на багатай Случчыне, і на ня менш багатай Наваградчыне, і за хлеў хадзілі паўсюдна.

Чытачоў уразіць у гэтай кнізе і багацьце «ненарматыўнае» лексыкі. Але і тое трэба сказаць, што ў беларускай мове (сьледам за расейскаю) шмат папрацавалі майстры яе «ўшляхотненьня». Напрыклад, у нямецкай ці польскай мовах на словы «Scheise» i «gowno», «Arsch» і «dupa» не наклалі табу, а «гаўно» і «срака» апынуліся пад забаронай. Праўда, Ч.Пяткевіч усё ж не да канца пасьлядоўны. Мы ведаем, што нашы бацькі і дзяды-прадзеды ўголас сваімі імёнамі называлі таксама й «інтымныя» часткі свайго цела (як, прыкладам, немцы кажуць «Schwanz», а ня «чэлес»). У кнізе ж Ч.Пяткевіча няма ніводнае згадкі нават пра «цыцкі», «курыцу» і «яйцы». А яны ж фігуруюць у жартах, прыпеўках і прыказках. Мы, вясковыя дзеці, ходзячы ў кашулях і гуляючы ў пяску, выдатна ведалі, як яны выглядаюць. Ад бацькоў і дзядоў мы штодзень чулі і «мацнейшыя» словы, хоць бы тое, што на літару «б», якога не саромеліся Скарына з Авакумам, якое, як сьведчыць Аляксандар Купрын, ужыла Царква, калі пракляла «блядословно отвергающего святые тайны» Льва Талстоя, і якое я чытаю ў кнігах польскіх аўтараў.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0