Скончыўшы гэтыя нататкі, высьветліў: пісаў іх на зваротным баку насьценнага календара даўно мінулага году. Папера ў Нямеччыне дарагая, вось і захаваўся каляндар для чарнавікоў. І выйшла — пісаў пра Валодзю Караткевіча на абароце часу…

І ўзьніклі асацыяцыі пра вечнасьць, вяртаньне, містыку, якая суправаджала яго ўсё жывое жыцьцё. Вось і цяпер — на абароце часу…

Па сутнасьці, уся літаратура — на абароце часу, уся яна — успамін пра жыцьцё і толькі яго адлюстраваньне. А магчымасьць зразумець, якое вялікае гэтае «толькі», даюць такія людзі, як Караткевіч. Ужо на кароткім аддаленьні відаць, якога ён быў росту. Думаецца, што з часам будзе рабіцца вышэйшы і ў поўны рост устане, калі зямля яго «пад белымі крыламі» стане зямлёй людзей, якія жывуць годна. Ён марыў пра гэта. Ці не таму так жорстка і… лірычна ставіўся да рэчаіснасьці. Усё, што ён рабіў у мастацтве, было напружанай і непаказной любоўю да Беларусі.

Неўспамінальнае адступленьне. Я паўсюль называю Караткевіча па імені. Гэта не паляпваньне клясыка па плячы і не жаданьне прысесьці на падножку ягонай славы. У жыцьці я ніяк і ніколі іначай яго ня зваў, і цяпер ня выйшла. Хаця і спрабаваў — крыўлянства і ламаньне, вось што выходзіла. Як пра іншага чалавека. І яшчэ. «Любая падрабязнасьць з жыцьця вялікага чалавека каштоўная», — сказаў А.Пушкін.

Да ягоных сяброў прылічыць сябе не магу, але, скажам так, напэўна, быў яму неабыякавы. У нас было адно кола знаёмых, мы хадзілі аднымі рэдакцыйнымі, выдавецкімі, а часам і рэстараннымі калідорамі і займаліся адной справай. Нешта ўбачыў ён у маёй шматпакутнай першай кнізе, добрых слоў нагаварыў, каля якіх я доўга грэўся, ведаючы ягоную жорсткасьць і бесстаронасьць у ацэнках. «Чытаў… Бачыў сваё…» — сказаў ён, абняўшы мяне. Гэта было і нечакана, і кранальна. Помніцца і да гэтага часу — цеплыня.

Людзі і танкі

Заходжу неяк. Сядзіць на падлозе. Увесь абстаўлены стосамі кніг. «Чышчу бібліятэку. Адбіраю, што можна аддаць у сельскія школы». — «Яны прыяжджаюць забіраць?» — «Ага!.. Як набяру на два стосы, каб ня вельмі цяжка, сядаю ў электрычку і вязу ў сьвет. Ты ж ведаеш, як слаба гэтыя школы нармальнымі кнігамі забясьпечаны». Што ён убачыў у маім поглядзе, ня ведаю, але сказаў, гледзячы на мяне: «Што чалавек бяз кнігі?.. Настаўнікі дзякуй кажуць. Мо калі й пацаны скажуць».

На сэкцыі прозы давалі справаздачу пісьменьнікі вайсковай тэмы. Гучалі спалучэньні «гарадзкая проза», «вяскоўцы», «вайсковая проза»… Валодзя ня часта быў у Саюзе — не выступаў і ня ўдзельнічаў. Я гэта разумеў так: ён шмат працаваў і не жадаў «злазіць з каня», лічыў такія «вячоркі» малапрадукцыйнымі і нават шкоднымі. Адным словам, пісьменьнік павінен пісаць. А тут вось надарылася яму трапіць на пасяджэньне. Гаварыў горача, слухалі яго ўдумліва. Рэдка ён сябе ў такіх выступах праяўляў. Сутнасьць ягонай рэплікі — няма вайсковай, вясковай ці інтэлектуальнай прозы. Ёсьць проза. Ёсьць літаратура. І ўся яна — толькі пра адно: пра чалавека. Не пра трактары і камбайны, самалёты і танкі, не пра вышынны, няхай і вельмі прыгожы, дом. Яна пра камбайнёра і трактарыста, лётчыка ці танкіста, архітэктара дому ці яго жыхара. «Мне мала цікава, як зладжана ракета, мне вельмі цікава, як «зладжаны» Каралёў і Гагарын. Я ня буду чытаць аповесьці няхай нават пра вельмі складаную і разумную машыну альбо звышурадлівы чарназём, але абавязкова прачытаю пра чалавека зь любой сфэры дзейнасьці, пра ягонае каханьне, ягоную асабістую трагедыю, пакуты творчасьці ці пра злачынства — чаму яно зьдзейсьнена? Я нават пра асэнізатара прачытаю, калі, вядома, напісана пра чалавечае жыцьцё. Падзел пісьменьнікаў на вайсковых і ўсялякіх іншых мне незразумелы. Ён ня толькі ўмоўны, але і, па-мойму, шкодны, як любая надуманасьць і штучнасьць. А добры танк — гэта добра. Але ўсё ж добры трактар — лепш». Скончыў Валодзя цытатай з Паскаля, што чалавеку цікавы толькі чалавек. І дадаў: «А пісьменьніку — тым больш».

Спалучэньне, вядома, рэдкае, каб Бог даў усяго столькі і ў такой гармоніі… Можа быць, «Каласы…», «Хрыста…» і тую ж акварэльную «Чазенію» мог напісаць і іншы чалавек. Можа. Але тады, мне так здаецца, гэта былі б «хронікі» і мэлядрамы — там не было б душы, сэрца, крыві, жарсьцяў Караткевіча, сьмеху яго і ягонага болю, і каб усё гэта, як ён умее, успрымалася намі як сваё… І калі б ня ён, то і не расплюшчыліся б шырока вочы тысяч людзей і не было б захоплена-трагічнага выдыху: «Дык вось мы хто — беларусы! Дык вось адкуль! І вось куды нам трэба ісьці!..»

Разглядаючы яго ўнікальную бібліятэку, я ня ў першы раз зьвярнуў увагу на «імянную» паліцу мэтры са два ў шырыню, на якой стаялі Валодзевы кнігі на мовах народаў СССР і Эўропы. «Нішто сабе…» — сказалася ўслых. У адказ пачуў: «Паглядзі лепш сюды. Бачыш гэты фатаздымак? Гэта я. (Малады, прыгожы, белазубы Валодзя глядзеў на сьвет сьветлымі вачыма і ўсьміхаўся. Увесь такі праменісты! — Аўт.) Вось такім я быў, калі пісаў «Замак…» А цяпер на мяне зірні. Бачыш? Куды ўсё падзелася? Вось у гэтыя кнігі, якія ты разглядаеш. Усё туды сышло. Я ж стаў развалінай… А быў здаровым і прыгожым… Так што не зайздросьць…» Каб пераламіць тэму гутаркі — цяжка было бачыць яго такім, — спытаў: «Калі ж, выходзіць, напісаў «Замак…»?» — «А ў 19 гадоў на сенавале ў дзядзькі ў Рагачове на летніх вакацыях, на трэцім курсе. За тры тыдні напісаў». Па маім выглядзе зразумеў, што я ня веру. Сьмяяўся цяпер ужо весела, раскаціста, закінуўшы голаў. Спадабалася, што ўразіў. Любіў перамагаць. У адзін момант стаў ізноў тым Караткевічам, якога я звык бачыць: сьветлым, жыцьцярадасным. Такім ён мне часьцей за ўсё і прыгадваецца.

Хочаш сотню?

Дробязь гэта, дробязь. Тым больш што вядзецца пра грошы. Іду па Ленінскім праспэкце і на мосьце церазь Сьвіслач сустракаю Караткевіча. Вясёлы, рукі шырока раскінуў, абняліся. Мне заўсёды радасна сустрэць яго: такая адкрытасьць і сьветліня былі ў ягонай усьмешцы, жэстах… «Слухай, я тут ганарар з УААПу атрымаў: «Каласы…» ў Чэхаславакіі выйшлі. Дык, можа, табе грошы патрэбны? Сотню магу. (Мой месячны аклад быў сто рублёў. — Аўт.) Бяры сёньня — заўтра ня будзе. Раздам!» — «А колькі табе заплацілі?» — «Дзесьці чатыры сотні». — «Колькі?!» — «А ты думаў? Піраты. Я ж ня з кніг жыву, а з кіно».

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Навум Цыпіс

Брэмэн (Нямеччына)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0