Сёлета спаўняецца 115 год маршалу Югаславіі Ёсіпу Брозу Ціта. Няшмат знойдзецца ў гісторыі ХХ ст. асоб, пра якіх існавала б столькі ўзаемавыключальных меркаваньняў. Маршала параўноўвалі са Сталіным, Гітлерам, Мусаліні, Чэрчылем і дэ Голем. Яго абвяшчалі найлепшым сябрам СССР і самым небясьпечным ворагам камунізму. Югаслаўскага лідэра вінавацілі ў вялікасэрбскім шавінізьме і ў зьдзеках з сэрбаў. Кім жа быў Ёсіп Броз Ціта?

Будучы правадыр паўднёвых славян нарадзіўся ў 1892 г. на харвацка-славенскай мяжы. На той час гэта была Аўстра-Вугоршчына, і родная вёска Ёсіпа, Кумравец, знаходзілася акурат паміж аўстрыйскай і вугорскай часткамі імпэрыі.

Як і савецкія маршалы, Варашылаў і Блюхер, Ціта пачынаў як сьлюсар. У пошуках працы ён абышоў амаль усю імпэрыю. Галоўнай яго марай была эміграцыя ў Амэрыку, каб стаць «самым вялікім капіталістам».

Як і савецкія маршалы, Варашылаў і Блюхер, Ціта пачынаў як сьлюсар. У пошуках працы ён абышоў амаль усю імпэрыю. Галоўнай яго марай была эміграцыя ў Амэрыку, каб стаць «самым вялікім капіталістам».

З пачаткам Першай Сусьветнай вайны маладога харвата бяруць у аўстрыйскае войска. Там ён выяўляе сябе як храбры і адданы імпэратару салдат. Ідэі славянскага адзінства ці пралетарскага братэрства яго відавочна не хвалююць. Нават трапіўшы ў расейскі палон, Ёсіп не сьпяшаецца далучыцца да братоў-славян. Ціта вызваліла Кастрычніцкая рэвалюцыя. Вярнуўшыся на Радзіму, ён далучаецца да толькі што створанай югаслаўскай кампартыі.

У наноў створаным Каралеўстве Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў было неспакойна. У каталіцкіх Харватыі і Славеніі былі незадаволеныя ўладай праваслаўных сэрбаў. Чарнагорцы не мірыліся са стратай дзяржаўнасьці. Альбанцам і македонцам забаранялася нават сьпяваць песьні на сваёй мове. Усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці рознага кшталту радыкалаў, да якіх належаў і Ёсіп Броз. З 1937 г. ён — кіраўнік кампартыі. Новаму генсеку даручаюць пераклад «Кароткага курсу ВКП(б)» — галоўнай кнігі камуністаў тых часоў. Гэта сьведчыла, з аднаго боку, пра безумоўны давер цэнтру. А зь іншага боку пра тое, што асабліва важных задач Масква югаслаўскім камуністам не давала, ня верачы ў іх сілу.

Становішча зьмянілася з пачаткам вайны. У красавіку 1941 г. Югаславія была акупаваная і падзеленая паміж Нямеччынай і яе хаўрусьнікамі — Баўгарыяй, Вугоршчынай, Італіяй. Акупанты ўсталявалі бязьлітасны рэжым, расстрэльваючы сотню мясцовых за аднаго свайго. Але самымі страшэннымі былі ўнутраныя разборкі. Асабліва жудасным быў тэрор, разьвязаны харвацкімі калябарантамі-ўсташамі супраць сэрбаў, габрэяў і цыган. У адным толькі канцлягеры «Янсевац» на тэрыторыі Харватыі загінула сто тысяч чалавек. Сэрбскія нацыяналісты-чэтнікі вынішчылі ў адказ харватаў і мусульман. Камуністы аказаліся адзінай сілай, якая стаяла над традыцыйнымі канфліктамі і вяла рэальную барацьбу з захопнікамі. Пад іх кіраўніцтвам ствараецца партызанская Народна-вызваленчая армія Югаславіі на чале зь Ціта.

Беларусы склалі прыпеўку: «Танцавалі два бандыты: адзін Сталін — другі Ціта».

Імя Ціта набывае вядомасьць. Беларусы склалі прыпеўку: «Танцавалі два бандыты: адзін Сталін — другі Ціта». Галівуд стварыў фільм пра кіраўніка югаслаўскіх партызан. Самі немцы былі вымушаныя весьці зь ім перамовы.

У 1945 г. з дапамогай савецкіх войскаў партызаны занялі Бялград, была ліквідаваная ўстаская НХД (Незалежная Харвацкая Дзяржава). Да канца 1946 г. антыкамуністычны супраціў перастаў існаваць.

Цяпер Ціта мог заявіць аб сваіх замежнапалітычных амбіцыях. А яны былі немалыя: «Удзельнічаць у вырашэньні лёсаў Эўропы». Ня больш — ня менш. Гэта азначала прэтэнзіі на населеныя славенцамі аўстрыйскія і італьянскія землі, у тым ліку на Трыест.

У 1946—48 г. Ціта лічыўся галоўным ворагам на Захадзе і першым сябрам у СССР. Рэзалюцыя Інфармбюро, што абвясьціла Ціта ворагам камунізму, стала для ўсіх шокам.

І па сёньняшні дзень шмат хто ня можа зразумець, чаму пасварыліся два Язэпы — Сталін і Ціта.

І па сёньняшні дзень шмат хто ня можа зразумець, чаму пасварыліся два Язэпы — Сталін і Ціта.

Супярэчнасьці існавалі даўно. Масква была незадаволеная нежаданьнем Ціта ісьці на кампраміс з Захадам там, дзе гэтага хацелася Сталіну, узгадняць з цэнтрам пляны эканамічнага разьвіцьця. Югаслаўскія камуністы былі пакрыўджаныя на Маскву за позьняе прызнаньне (першапачаткова ў Крамлі стаўка рабілася на лідэра чэтнікаў Дражэ Міхайлавіча), нерэгулярную дапамогу ў час вайны. Далёка не гарманічна склаліся адносіны паміж братамі-славянамі і Чырвонай Арміяй. Апошняй кропляй стаў праект так званай Балканскай фэдэрацыі. Паводле пляну Масквы, Югаславія павінна была ўзяць частку донарскіх функцый у дачыненьні да братоў па сацыялістычным лягеры. У югаславаў былі іншыя пляны. Яны марылі аб новых тэрыторыях. Найбольшую цікавасьць традыцыйна выклікала Альбанія.

Альбанская кампартыя была створаная эмісарамі Ціта. Лідэры Энвэр Ходжа і Коча Дзодзэ па сутнасьці былі цітаўскімі пратэжэ і разгарнулі ў краіне барацьбу з «антыюгаслаўскай дзейнасьцю». Гэтага, аднак, аказалася недастаткова, і Бялград пачаў уводзіць у суседнюю краіну войскі. Сталін быў незадаволены. Грубыя дзеяньні цітаўцаў пагражалі выклікаць новы балканскі канфлікт, што ставіла пад сумнеў трываласьць сацыялістычнага лягеру. З Масквы пайшлі загады — «узяць Альбанію розумам».

У югаслаўскім палітбюро пачалі адкрыта казаць, што ў СССР пануе вялікадзяржаўны шавінізм. Усё гэта ішло Сталіну на стол са стандартнымі высновамі: «заселі шпіёны», «трацкісцкія настроі». Але і ў Бялградзе не драмалі. Інфарматары Масквы былі выяўленыя і арыштаваныя. Так на сьвет зьявілася рэзалюцыя пра «цітаўскую кліку забойцаў».

«Кліку Ціта» абвінавачвалі ў вялікасэрбскім шавінізьме. Само прыняцьце рэзалюцыі Інфармбюро было прымеркаванае да гадавіны памятнай для сэрбаў Косаўскай бітвы. Сэрбаў абвінавачвалі ў чорнай няўдзячнасьці Расеі, бязглуздай упартасьці, дзікасьці. Набор гэтых абвінавачаньняў сабраны ў кнізе Арэста Мальцава «Югаслаўская трагедыя». На беларускую мову гэтага сталінскага ляўрэата пераклаў Алесь Стаховіч.

Альбанцы, наадварот, лічыліся найбліжэйшымі сябрамі СССР. Э.Ходжа пераарыентаваўся, расстраляўшы Кочу Дзодзэ як югаслаўскага шпіёна. Пры нявысьветленых абставінах памёр у Маскве сябар Ціта, баўгарскі прэм’ер Георгі Дзімітраў. Любая нязгода з Масквой, сувязі зь югаславамі пачалі клясыфікавацца як «цітаізм».

У «братніх» краінах Усходняй Эўропы пачалі выяўляць цітаўцаў. Пошук не абмінуў і БССР. У 1954 г. па абвінавачаньні ў цітаізьме быў арыштаваны міністар адукацыі Пётар Саевіч.

У «братніх» краінах Усходняй Эўропы пачалі выяўляць цітаўцаў. Пошук не абмінуў і БССР. У 1954 г. па абвінавачаньні ў цітаізьме быў арыштаваны міністар адукацыі Пётар Саевіч.

Пачалі распрацоўвацца пляны ліквідацыі Ціта. Далікатную місію даручылі прафэсійнаму тэрарысту Ёсіфу Грыгулевічу, у мінулым сябру Таварыства беларускай школы, таварышу Максіма Танка па Лукішках. Грыгулевіч павінен быў трапіць у рэзыдэнцыю Ціта і заразіць ворагаў лёгачнай чумой. Толькі сьмерць Сталіна перашкодзіла рэалізацыі бактэрыялягічнага тэрарызму.

У Югаславіі ж пачалі вышукваць так званых «інфармбюроўцаў», тых, каго падазравалі ў сымпатыі да СССР. Для іх быў створаны адмысловы канцлягер «Голы Отак». Туды трапіла шмат партызанскіх герояў. Назву цітаўскіх спэцслужбаў УДБ расшыфроўвалі як «убі друга бліжняга».

Канфлікт са Сталіным прымусіў Ціта перагледзець пляны будаўніцтва сацыялізму. Ад калектывізацыі адмовіліся, на прадпрыемствах было ўведзена «рабочае самакіраваньне», спыніўся ціск на рэлігію. У Югаславіі можна было бачыць усё — ад абстрактнага мастацтва да парнаграфіі. Для савецкіх турыстаў яна была спажывецкім раем. Для левых інтэлектуалаў — «сацыялізмам з чалавечым тварам», для лідэраў «трэцяга сьвету» — узорам удалага балянсаваньня паміж сацыялістычным Усходам і капіталістычным Захадам.

Ціта карыстаўся павагай у сьвеце і вёў жыцьцё гурмана. Аматар аўтамабіляў, шыкоўных строяў, яхтаў. Такім паўстае Ціта ў апошнія гады. Аднак, як і ўсе дыктатары, пад канец жыцьця ён рабіўся ўсё больш адзінокім. Сыходзілі паплечнікі. Галоўны прапагандыст Мілаван Джылас быў адхілены за «празьмерную дэцэнтралізацыю». Начальнік УДБ Аляксандар Ранковіч — за «празьмерную цэнтралізацыю».

Галоўны прапагандыст Мілаван Джылас быў адхілены за «празьмерную дэцэнтралізацыю». Начальнік УДБ Аляксандар Ранковіч — за «празьмерную цэнтралізацыю».

Апошняя жонка Ціта (афіцыйна ён быў жанаты тройчы) Ёвонка Будславіч трапіла пад хатні арышт. Прычыны мужавай няміласьці дакладна не вядомыя, калі не лічыць кінутай аднойчы фразы: «Не люблю жанчын, якія ўмешваюцца ў палітыку».

Галоўную мэту Ціта бачыў у захаваньні югаслаўскага адзінства. «Кожная з нашых рэспублік сама па сабе нічога не ўяўляе… Толькі разам», — казаў маршал. Аднак адзінства не выходзіла. Славенцы, харваты лічылі сябе эўрапейцамі і з пагардай глядзелі на басьнійскіх, македонскіх, косаўскіх сялян, якіх называлі «бізантыйцамі». У Харватыі былі незадаволеныя непрызнаньнем сваёй мовы. У Сэрбіі — ігнараваньнем гісторыі Сэрбскага каралеўства. Штучным называлі вылучэньне басьнійскіх мусульман у асобны народ. Тлела рэлігійная варажнеча.

Яднала краіну постаць Ціта і савецкая пагроза. Нягледзячы на афіцыйнае прымірэньне, з Масквы пастаянна ішлі намёкі на «інтэрнацыянальную дапамогу».

Сьмерць Ціта 4-га траўня 1980 г. пазбавіла Югаславію лідэра. А «перабудова» — вялікіх крэдытаў з Захаду. Пачалі прасьвятляцца «цёмныя плямы» цітаўскага жыцьцяпісу: удзел у сталінскіх чыстках 30-х, перамовы зь немцамі, «Голы Отак».

У Сэрбіі маршала сталі называць сэрбскім катам, параўноўваць з усташамі. У Харватыі пайшлі чуткі, што Ціта зусім не харват Ёсіп Броз, а савецкі парашутыст. Цітаўская спадчына адкідалася, у тым ліку і ўсталяваныя ім рэспубліканскія межы. Вынікі добра вядомыя.

На сёньняшні дзень Ціта найбольш шануюць у Босьніі. Цітаўская эпоха для басьнійцаў — гэта часы, калі суседзяў не забівалі з-за рэлігіі ці розьніцы ў гаворцы. У Харватыі і Славеніі Ціта згадваюць як славутага земляка. Магілу маршала ў Бялградзе наведваюць толькі сваякі і партызаны-вэтэраны.

Лёс Ёсіпа Броза Ціта пацьвярджае слушнасьць слоў, сказаных некалі Цыцэронам Юлію Цэзару: «Вялікая слава твая, але калі ня будзе гораду Рыму, будзе яна толькі рэхам».

Усяслаў Шатэрнік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0