Тысячагодзьдзі хаваюць ад нас гісторыю стварэньня Вэнэры Мілоскай.

Невядома, ці існаваў у родным полісе скульптара якісьці худсавет, на які творца з трымценьнем сэрца выстаўляў свой шэдэўр, невядома, ці ацэньвалі яго на прадмет адпаведнасьці ідэалам дэмакратыі (а мо алігархіі ці тыраніі). Невядома, як рэагавала дзяржпрыёмка і з чыіх вуснаў прагучала прапанова: «А мо ёй рукі адбіць?..». Ва ўсе вякі чалавек пры ўладзе ня мог ігнараваць сілу прыгажосьці, імкнуўся скіраваць яе ў патрэбнае рэчышча, зь яе дапамогай кіраваць грамадзтвам. Як зьмяняўся афіцыйны ідэал жанчыны ў Беларусі за апошнія 60 гадоў? Лічым ад сканчэньня вайны — негалоснага «пункту адліку» дзяржаўнасьці для сёньняшняе ўлады. За эталён бяром выяву ў галоўнай дзяржаўнай газэце краіны ад 8 сакавіка.

60 гадоў таму. Ваярка

Дакладней, не 60, а 59. Бо асобніка тады яшчэ партызанскай газэты «Звязда» за сакавік 1944 г. няма нават у сховах Нацыянальнай бібліятэкі. Давялося ўзяць за 1945-ы. Ідэальных жанчын на першай старонцы аж чатыры — тры лётчыцы гвардыі ды «адважная беларуская партызанка Анна Маслоўская» (правапіс арыгіналу) на фоне Спаскае вежы.

А ў сьвяточным тэксьце малюецца зусім не амазонка, але жанчына-маці, якая «з затоеным дыханьнем прыслухоўвалася да далёкіх раскатаў савецкай артылерыі, пасылала благаславеньне мужу і брату — байцам Чырвонай арміі, а сына малодшага выпраўляла ў лес, у партызаны, вучыла яго любіць і абараняць Радзіму як родную маці, літасьці ня мець да нямецкіх чужынцаў, сама праводзіла яго па сьцежках, што вядуць праз пушчы, нетры, балоты да перамогі». У рэчышчы канкурэнцыі добрага зь яшчэ лепшым згадваецца і трактарыстка Елена Чэркас, якая апрацавала 552 га замест 118 плянавых і зэканоміла 960 кг паліва.

50 гадоў таму. Камсамолка

8 сакавіка прыпала на панядзелак — дзень, калі «Звязда» не выходзіла. Таму Вэнэрай 1954-га будзем лічыць работніцу МАЗу, камсамолку Т.Кузьняцову, што напярэдадні выступала на сходзе «камсамольцаў і моладзі» «ад імя ад’яжджаючых у Казахстан на асваеньне цалінных і абложаных зямель». «Мы — камсамольцы! У нас гарачыя неспакойныя сэрцы. Мы змагаемся за шчасьце нашай краіны і не пашкадуем сіл для ажыцьцяўленьня вялікай мэты, пастаўленай перад намі». Сфатаграфавана Т.Кузьняцова шаблённа, не па-мастацку. Дый гэта не было галоўным. Галоўнае — каб «родная камуністычная партыя» натхняла. Адкрываў той сход будучых «камуністаў і беспартыйных» сакратар ЦК ЛКСМБ Машэраў.

40 гадоў таму. Даярка

У 1964-м першую старонку займаюць зварот ЦК КПСС «Да савецкіх жанчын» і даклад тав. М.С.Хрушчова, прысьвечаны інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасьці. Той самы даклад займае і наступныя дзьве старонкі. Вэнэры 1964-га — аж на апошняй. Усьмешлівыя дзяўчаты з Камвольнага. «А вясёлыя ўсьмешкі ў іх таму, што сёньня іх жаночае сьвята, і таму, што яны ўдарніцы камуністычнай працы», — тлумачыцца ў подпісе.

30 гадоў таму. Сяброўка

Самае душэўнае і прадуманае віншаваньне з усіх. Над лягатыпам «Звязды» гульлівае «Са сьвятам, дарагія сяброўкі!» з алюзіяй на «Беларусачку». Дый беларусачкі там якія! Позірк А.Вярышкі з-пад будаўніцкае каскі выклікае неадольнае жаданьне ўсё кінуць і паехаць за чароўнай ударніцай будаваць Лукомскую ДРЭС. Нават замшэлы ЦК КПСС у рытуальным звароце распусьціўся настолькі, што пажадаў сярод іншага «вялікага шчасьця і радасьцяў у жыцьці». І гвазьдзікоў на каляжы два — паводле беларускай традыцыі.

Яшчэ адна навіна — апытаньне жанчын на тэму «Самы шчасьлівы выпадак майго жыцьця». Сярод стандартных адказаў «Хіба ня шчасьце — у першы дзень самастойнай работы перавыканаць зьменнае заданьне?» упершыню гучыць голас беларускі-палітыка. Марыя Карпенка, рэдактарка часопісу «Работніца і сялянка», была ў складзе дэлегацыі ў ААН: «Было радасна бачыць, як пасланцы розных краін сьвету актыўна галасавалі за выбраньне нашай рэспублікі членам Савету Бясьпекі».

20 гадоў таму. Інтэрнацыяналістка

Тут маем ужо разьвіты вобраз палітычна заангажаванае жанчыны.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Мікулевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0