Хараство на гістарычным подыюме

20 год таму ў выкрывальніцкім фільме «Дакумэнт Р» жаночыя ножкі крочылі па экране і сымбалізавалі сабой разбэшчаны і варожы ўсяму прагрэсіўнаму чалавецтву буржуазны лад. Сёньня гэтыя ножкі шпацыруюць разам і заклікаюць — у рэклямным роліку тэлевізіі — да конкурсу на чарговую Міс. Паміж гэтымі падзеямі — тэктанічны зрух эпох. Многія кажуць, што хараство — гэта ўлада. Але чыя гэта ўлада, хто і калі яе скарыстоўваў?

Антычныя філёзафы пагаджаліся, што з прыгожым чалавекам час бавіць прыямней і на яго зьвяртаюць болей увагі. Сучасныя дасьледчыкі толькі пацьвярджаюць, што пекным людзям прасьцей знайсьці працу, а ў судох да іх ставяцца памяркоўней.

Хараство Алены выклікала Траянскую вайну, а пекната гетэры Аспазіі была і прычынаю, і апраўданьнем скандалу з Пэрыклам.

Але ўлада жаночага хараства была выняткам у антычнай гіерархіі, дзе рэй ва ўсім вёў мужчына. Так што эталёнам прыгажосьці лічылася зусім не дзяўчына, а годны юнак. Алімпіяды былі тагачаснымі конкурсамі прыгажосьці. Целы былі мужчынскімі. Уваход на сьвяты жанчынам быў забаронены.

Атэнскі фарсун Альцыбіяд прыцягваў дзяўчатак, а мужчыны кідалі дзеля яго жонак. Але калі першы прыгажун вырашыў заляцацца да вірлавокага Сакрата, мудраца зь цельпукаватым тварам і вялізным ілбом, то атрымаў афронт. Стары і хітры Сакрат шанаваў уладу іншую — і аддаваў перавагу разумовым практыкаваньням.

А Юлі Цэзар, які й сам ня быў эталёнам цнатлівасьці, выводзіў сваё імпэрскае паходжаньне ад Вэнэры, што дадаткова ўзаконьвала ягоную ўладу. Але ўлада рымскіх багоў не пашыралася на ягоную каханку Клеапатру, якая і завяршыла сваё жыцьцё ў абдымках з кобраю.

Дзева Марыя, Рагнеда і Эўфрасіньня

Прыгажосьць Сярэднявечча — гэта цнатлівая пекната дзевы Марыі. Абразы падкрэсьліваюць духоўны пачатак, велізарныя вочы працінаюць верніка. Цела, агорнутае шатамі, не належыць гэтаму сьвету.

У Беларусі жаночае хараство, якое ня здольны прысабечыць і скарыстаць сьвет, ператвараецца ва ўладу — духоўную і дзяржаўную.

Жыціі падкрэсьліваюць пекнату князёўны Прадславы, якая не пажадала аддаць сваё хараство на абмен паміж тутэйшымі мужчынскімі родамі. У выніку нарадзілася Эўфрасіньня, нявеста Хрыстова, улада якой не зьнікае й сёньня.

Пра пекнату Рагнеды летапісы маўчаць, але можна меркаваць, што яна была даволі высока ацэненая Ўладзімерам (уверсе — карціна мастака XVIII ст. Антона Ласенкі «Ўладзімер перад Рагнедай»). Праўда, пекната гэтая так і не была ім напоўніцу прысабечаная, пра што сьведчыць і спроба забойства князя.

Некаторыя злыя языкі разглядаюць Рагнеду ў якасьці тагачаснай Лярэты Бабэт, жанчыны-мсьціўцы, якая зьбіралася пазбавіць мужа ня столькі жыцьця, колькі вельмі важнага органа, — але гэта сучасныя нізкія плёткі.

Ва ўсялякім разе, жаночая пекната Рагнеды ёсьць аўтаноміяй і адмысловым сьцьвярджэньнем дзяржаўнасьці, якая нараджалася й узмацнялася на беларускіх землях.

Але і Рагнеда, і Эўфрасіньня знаходзяцца ў засені дзевы Марыі, і нездарма паданьні кажуць, што Рагнеда пры канцы жыцьця сышла ў манастыр.

Адваротным бокам «мацярынскай цнатлівасьці» зьяўляецца ведзьма — але толькі ў часы Рэнэсансу ведзьма заняла сваё пачэснае месца.

Дэкамэрон, ведзьмы і Мона Ліза

Пад канец Сярэднявечча адбыўся выбух вядзьмарскіх працэсаў. Інквізытары Шпэнглер і Інсысторыс бачылі ведзьму ў кожнай пекнай жанчыне і ў вышукоўніку «Maleforum Magneficarum» давалі падрабязныя інструкцыі, як яе катаваць.

А ў рамане Бакача «Дэкамэрон» юнакі і дзяўчаты хаваліся ад пошасьці й распавядалі эратычныя гісторыі. Цела набыло плоць, пажаду, пачуцьці — і акрэсьленую індывідуальнасьць.

Выбух сыфілісу, абортаў, альхіміі — а на паверхні прапарцыйная пекната выявы.

Патаемная ўсьмешка Моны Лізы хавае ў сабе гармонію й усьмешку Прыроды, але пільны доктар Фройд заўважыў у ёй аўтапартрэт Леанарда і вычварны мужчынскі позірк.

Сьвятая Тэрэза ў экстазе

Царква не магла абмінуць плоцевай разьняволенасьці, але надала ёй характар рэлігійнага фанатызму. Экстаз сьвятой Тэрэзы Лярэнца Бэрніні, урачыста выстаўлены ў храме, ёсьць самым непрыхаваным і найлепшым аргазмам усіх часоў і народаў. Загрувашчанае скамечанымі шатамі цела лунае на воблаку, зробленым з каменю. Такое спалучэньне неспалучальнага звычайнае для барока.

У Беларусі была свая мадэль барочнай прыгажосьці: дзяўчынка павінна была быць бляндынкай, золатавалосай, але з чорнымі вачыма. Тонкая талія, у адрозьненьне ад рубэнсаўскіх мадэляў, абавязковая.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0