Даўгатварыя, проставалосыя й сьмелыя. Высокія, велікавокія, пышнагрудыя. Пяшчотныя й трывалыя, летуценныя й рашучыя.

Прыгажосьць — не зусім суб’ектыўны панятак. Прыгажосьць чалавечая — гэта крытэр, што выпрацоўваецца калектыўнай сьвядомасьцю. Найчасьцей зыходзячы з натуральных, цалкам матэрыялістычных меркаваньняў. Ад часоў палеаліту чалавек выяўляў, напрыклад, ідэальную жанчыну: ледзь прыкметныя рысы невялічкага твару, густыя валасы, вялізарныя грудзі й клубы, пукаты жывот і выразна падкрэсьленыя геніталіі. Прамінулі тысячы гадоў, а тыя ж мужчынскія ўяўленьні, зь невялікімі карэкцыямі, датрывалі да нашых часоў — жанчына як сымбаль плоднасьці. Менавіта такая яна выклікае пажаду.

Цікавасьць да этнічнага ідэалу жанчыны ўзьнікла ў беларускім мастацтве прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. Варта згадаць «Жняю» Кнута Русецкага альбо жончыны партрэты Івана Хруцкага. Ідэальны вобраз лёгка пазнавальны — цёмна-русыя валасы, карыя вочы, чорныя бровы сярпом, «асіная» талія й тугі гарсэцік.

Гэты стэрэатыпны ідэал, роўна прыдатны і да вобразу мілай сялянкі, і да Маці Божае, датрываў да 10-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі на гістарычную й мастакоўскую арэну выйшаў «мужык-беларус». З пачаткам «беларусізацыі» ў нашым мастацтве ўзьнікае новы вобраз — здаровай крамянай сялянскай дзяўчыны з блакітнымі вачыма, дужымі нагамі і ў народным прасторным строі. Але гэты этап, запачаткаваны М.Станютам і М.Філіповічам, аказаўся даволі кароткім. На зьмену ідэалізацыі нацыянальна й сацыяльна разьняволенай беларускі прыйшло апяваньне новых рэаліяў. «Калгасьніцы» й «Камсамолкі» засьцілі сабою ўсё.

Спробы вылучыць нацыянальны ідэал яшчэ трывалі ў Заходняй Беларусі ў Міхася Сеўрука й Пятра Сергіевіча.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0