Акцыя «Рок за свабоду» 17 верасьня на плошчы Бангалор ставіла на мэце прыцягнуць увагу да лёсу беларускіх музыкаў, якіх забаранілі на ТВ і радыё.

Плюс лічба «17» прымушала задумацца. Але ўся ўвага гледачоў была скіраваная на расейскую рок-зорку Вячаслава Бутусава (на здымку), які ані слова не сказаў пра свабоду, пра беларускіх музыкаў. Словаў падтрымкі таксама не было чуваць.

За некалькі хвілін да пачатку канцэрту мікрааўтобус з Бутусавым пад аховай амапаўцаў пад’ехаў да сцэны, на якой якраз у гэты час «тоўпіліся» некалькі «забароненых» беларускіх музыкаў (Вольскі, Памідораў, Філ з «Drum Xtc», Белякоў з «Палацу»). Іхняе агульнае пасланьне наконт таго, што беларускую песьню ня зломіш, наўрад ці дайшло да асноўнай часткі глядацкай аўдыторыі, бо тая клікала на сцэну экс-«Наутилуса». І вось загучаў вядомы хіт «Гібралтар-Лабрадор» з блякбастэру «Брат». Беларуская песьня ў гэты момант была забытая. Нашы музыкі пасьля прамовы рушылі ў бок д/с Кульман, і больш іх не было відаць. Затое беларускіх палітыкаў на акцыі быў сьвет: Лябедзька, Калякін, Сіўчык вымушаны былі слухаць, як Бутусаў млява сьпявае пра маторнае каханьне.

Празь дзьве гадзіны ўсе разышліся зь песьняй на вуснах. Праўда, песьня тая была ня наша.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0