Зь Міколам Купрэевым мяне пазнаёміў Пятро Кошаль у сярэдзіне 80-х на літарацкай тусоўцы ў Доме літаратара. «Знаёмся, сапраўдны беларускі паэт, Мікола Купрэеў!» — сказаў ён мне мэнтарскім, добра нецьвярозым голасам. Тады яшчэ ў Беларусі не забыліся на імя ягонага цесьця, першага сакратара ЦК КПБ Сьлюнькова, таму сп.Пётра паводзіў сябе па-мэцэнацку, нават па-байранску. Ён так і сказаў — «паэт», а не «пісьменьнік». «Паэт» на Беларусі заўсёды было найвышэйшым літаратурным званьнем (Лукашэнка ня проста так абмовіўся, назваўшы Быкава паэтам). Хоць для мяне асабіста Купрэеў найперш празаік — у адным шэрагу з Быкавым…

Кошаль так і ня здолеў нічым дапамагчы. Другі зборнічак Купрэева «Правінцыйныя фантазіі» выйшаў толькі ў 1995-м (дэбютная «Непазьбежнасьць» убачыла сьвет у далёкім 1967-м). Кнігі ж прозы сп.Мікола так і не дачакаўся. І ўжо не дачакаецца: 20 верасьня Паэта пахавалі ў яго родных Міхневічах на ўскрайку Івацэвіч.

Адыходзяць у іншы сьвет «праклятыя» паэты мінулага веку. Іх кнігі ў сэрыі «Клясыка ХХ стагодзьдзя» выйдуць толькі ў дэмакратычнай Беларусі.

Пасьля першага знаёмства было некалькі імклівых выпадковых сустрэч у Менску. Побач з Паэтам знаходзіліся іншыя людзі — Мікола Папека, Леанід Галубовіч, Алесь Каско. Дзякуючы іх клопату бадзяга-паэт, гэткі беларускі Кнульп, на схіле жыцьця атрымаў уласны кут-кватэру ў Пружанах. Хтосьці клапаціўся пра яго быт, хтосьці — пра лёс рукапісаў (прынамсі, аповесьці Купрэева пэрыядычна зьяўляліся ў «Крыніцы» за часамі Някляева — Разанава).

Бяз клопату блізкіх да Купрэева людзей наша літаратура шмат страціла б. У гісторыі сусьветнай культуры багата прыкладаў, калі побач з геніямі ў апошнія гады-дні жыцьця не было аніводнай душы.

Ён таксама імкнуўся клапаціцца пра блізкіх. Ён быў удзячны. Ён верыў у Беларусь!

У купрэеўскім вершы «Споведзь зь віном» ёсьць такія радкі: «Крыж над магілай ня стаўце: я награшыў». Але наўрад ці нашчадкі прыслухаюцца да гэтага тэстамэнту.

Алесь Аркуш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0