Слоўнік скептыка
Абавязак — перакананасьць навакольных у тым, што толькі вы вартыя вырашаць іх клопаты.
Абраза — словы, якія вы знаходзіце для ворага, які ня можа знайсьці вас.
Абстракцыянізм — мастацтва, якое не выражае анічога самымі выразнымі сродкамі.
Абяцаньне — ветліва адтэрмінаваная адмова.
Аванс — асязальны давер.
Адвакат — чалавек, які можа растлумачыць вам, як зрабіць тое, што забаронена законам.
Адмова — прапанова падняць цану.
Аднадумец — чалавек, які падзяляе вашы забабоны.
Адналюб — чалавек, які абманвае толькі тую жанчыну, якую любіць.
Адпачынак — зьмена прычын стомленасьці.
Адукаванасьць — уменьне выдаваць чужыя думкі за свае.
Адукацыя — сродак набыць забабоны больш высокага кшталту.
Алібі найлепшае — быць ахвярай.
Алімэнты — штраф, які за памылку дваіх плаціць адзін.
Амністыя — велікадушнасьць ураду ў дачыненьні да тых злачынцаў, пакараць якіх яму не па кішэні.
Анэкдот — досьціп тых, у каго няма свайго.
Апэляцыя — гэта калі вы просіце адзін суд праявіць непавагу да іншага.
Аптымізм — доўгатэрміновы недахоп інфармацыі.
Армія — інструмэнт ператварэньня глупства валадароў у пакуты народаў.
Асоба службовая — асоба, якой павінны служыць наведвальнікі.
Асфальт — матэрыял, якім пакрываюць дарогі перад тым, як пачаць земляныя работы.
Атэізм — вынаходка багоў для тых людзей, даць веры якім у іх не хапіла сілы.
Аўтаматызацыя — імкненьне мужчын спрасьціць працу так, каб яе маглі рабіць і жанчыны.
Аўтамэханік — адмысловец, які можа адрамантаваць аўто і ня страціць пры гэтым кліента.
Афарызм — дасканала адрэдагаванае апавяданьне.