Стан лідэра ўкраінскае апазыцыі Віктара Юшчанкі, атручанага 9 верасьня, застаецца няпэўным.

Штаб кандыдата два тыдні хаваў інфармацыю пра ягонае здароўе, каб не зрываць выбарчай кампаніі, пакуль В.Юшчанка знаходзіўся ў шпіталі ў Вене. 18 верасьня прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта перарваў лячэньне, каб выступіць у Кіеве на 70-тысячным мітынгу, але трымаўся ён блага: тваравы нэрв застаецца паралізаваны, самаадчуваньне кепскае — як вынік крывацечных эрозій у страўніку, паражэньняў тоўстае кішкі і скуры.

Аўстрыйскія мэдыкі, якія апекаваліся лідэрам «Нашай Украіны», назвалі магчымую прычыну дзіўнае сымптаматыкі — атручваньне малой дозай рыцыну, рэчыва, якім у 1978 г. быў забіты адзін з баўгарскіх дысыдэнтаў. У «Нашай Украіне» кажуць, што ведаюць, «хто атруціў В.Юшчанку, дзе і калі», але канкрэтных імёнаў пакуль не называюць.

В.Юшчанка застаецца ўпэўненым лідэрам рэйтынгаў.

МБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0