Канцэрт Зьмітра Яўтуховіча 23 верасьня ў менскім Доме літаратара адбываўся пры паўпустой залі.

Імпрэзе, без сумневу, бракавала рэклямы — афішаў у горадзе. Усё ж такі 11 гадоў — пэрыяд дастатковы, каб забыцца на колішнюю славутасьць. Зрэшты, тыя, хто на канцэрт прыйшоў, наўрад ці шкадавалі: Зьміцер паказаў, што ён застаецца ня толькі выдатным эстрадным кампазытарам, але й неабыякім шоў-мэнам.

Для першай песьні ён выйшаў на сцэну ў камізэльцы, пашытай з маленькіх амэрыканскіх сьцяжкоў. Зьміцер танчыў зь вядучай полечку і танга, зьяўляўся на сцэне ў масцы, дэманстратыўна разуваўся, надзяваў то пілётку, то вялікую стракатую клоўнскую кепку…

Сузор’е сьпевакоў, якія выконвалі песьні Яўтуховіча, — Іна Афанасьева, Андрэй Хлястоў, Джымі Нэльсан, Аляксандар Заўгародні — дапаўнялася салідным пералікам прысутных аўтараў вершаў: Уладзімер Някляеў, Алесь Бадак, Віктар Шніп. Сярод запрошаных вылучаўся Леанід Пранчак: песьні на яго вершы занялі палову канцэрту. Некаторыя зь іх («Калыханка», «Віцебскі дождж», «Даставай, Язэп, гармонік») выконваліся двойчы — рознымі выканаўцамі.

Канцэрт атрымаўся настальгічны. І ня толькі таму, што песьні былі пераважна старыя — пачатку 90-х. Самі сьпевакі й паэты згадвалі тую пару («эпоху Яўтуховіча», паводле чыйгосьці трапнага выразу) са скрухай: «Яўтуховіч паказаў, што можа быць добрая беларускамоўная дзіцячая песьня, моладзевая песьня. А потым зьехаў у Амэрыку». А адзін з выступоўцаў дадаў: «І правільна зрабіў, бо — каму мы тут патрэбныя?»

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0