Нацыянальная самапавага — якраз тое зернейка, зь якога вырастае магутнае дрэва годнага ды заможнага жыцьця любога народу. Яна стаіць побач з павагай да сябе самога як непаўторнай чалавечай істоты, гэтаксама як і з павагай да іншых людзей, іншых народаў, носьбітаў іншых культур, сьветапоглядаў. Самапавага несумяшчальная з пачуцьцём непаўнавартаснасьці. Бо апошняе выклікае сорам за сябе і свой народ, а разам з гэтым — стойкую крыўду на іншых, адрозных ад сябе ўсяго толькі адсутнасьцю ў іх галаве тваіх комплексаў, поруч з адкрытай ці прыхаванай, сьвядомай ці неўсьвядомленай агрэсіяй, жаданьнем хоць неяк узьняцца над «крыўдзіцелем», а то і прынізіць яго. Такім чынам, іншы чалавек, іншы народ успрымаецца аднабока як аб’ект магчымага заспакаеньня, спаталеньня пачуцьця ўласнай непаўнавартаснасьці, а не як асобны ад цябе і тваіх комплексаў, роўны табе суб’ект. Нездарма наш прэзыдэнт так зацята шукае ворагаў у цывілізаваным сьвеце, шукае і знаходзіць іх сярод інтэлігентных людзей сваёй краіны, увесь час імкнецца да бітваў і перамог хоць на лыжах ці палетках. Ён прыніжае ўсіх вакол сябе, каб даказаць сабе самому, які ён мудры, дужы, папулярны.

Любая дэмакратыя ў Беларусі, калі яна ня будзе грунтавацца на нацыянальных (а празь іх і на агульначалавечых) каштоўнасьцях, не пасьпеўшы акрыяць, ізноў завязьне ў багне лукашызму. Бо непаўнавартаснасьць нікуды не ўцячэ, не схаваецца. Яна застанецца тут і будзе настойліва патрабаваць вечнага пошуку вінаватых у кепскім жыцьці, шальмаваньня і прыніжэньня адрозных у мэнталітэце ад асноўнай масы і, вядома ж, «моцнай рукі».

Сяргей Трыфанаў, Рэчыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0