Мода крыўляе восень і лезе поперад бацькі ў пекла, аддаючы перавагу глыбокім зямным колерам ужо глыбокай восені — усёй палітры колераў сухога лісьця, колеру ягад рабін, журавін і апошніх маркотных і недаўгавечных кветак.

Цётка Восень удалася шчодра грыбная і няўстойліва капрызная сваімі надвор’ямі. Яна зьдзівіла нізкімі тэмпэратурамі, і нават самыя заўзятыя гарадзкія моднікі мусілі на час абуць цёплыя боты, актуальныя ў мінулы сэзон, ды хутчэй ляцець па крамах у пошуках сусьветных восеньскіх навінак. У астатняй паловы народу «абклала» горлы і «заклала» насы, і яна палезла на бабуліны антрэсолі шукаць старых махеравых нітак, каб за два прысесты сплесьці сабе новы шалік незвычайнай вязкі.

Зноў на поўную моц загрымелі начныя клюбы, і будзённымі раніцамі гарадзкі транспарт напоўніўся змэнчанымі студэнтамі са зблытанымі прычоскамі і фіялетавымі прасторамі пад вачамі. Па вуліцах зноў рассыпаліся пярэстыя натоўпы, несучы набітыя прадуктамі цэляфанавыя пакеты, рулоны шпалераў і сьвежых эскізаў, несучы свае нэрвы і клопаты.

Тэлевізар сабраў вакол сябе краіну, так і пакінуўшы масу пытаньняў пытаньнямі без адказаў. Гэтак жа, як трагедыі ў Расеі наш народ перажываў усёй душой, ён цалкам апатычна ўспрыняў пэрспэктыву найбліжэйшых палітычных падзеяў у Беларусі. Ніхто тут больш ні ў што верыць ня хоча. Падчас збору подпісаў за кандыдатаў усе шчасьліва разьехаліся сваімі маршрутамі, а на пытаньне, што можа адбыцца на палітычнай арэне, кожны другі скажа: «А мне па барабану». Цёткі з выбарчых участкаў, праз тэлефон высьвятляючы імёны-прозьвішчы выбарцаў, размаўляюць у такой манеры, як быццам прапаноўваюць набыць набор тэфлёнавых патэльняў. Складваецца ўражаньне, што лёс беларускіх алімпійцаў у Афінах і па вяртаньні адтуль расхваляваў нашых людзей больш, чым лёс і надзеі самой Беларусі.

Чарговыя расчараваныя ў жыцьці тут (ці ў жыцьці ў прынцыпе) набываюць чарговыя «квіткі ў адзін бок», каб паступіць на службу легіянэрамі і пяцьцю гадамі службы зарабіць францускае грамадзянства. Іншыя, не настолькі рашучыя, каб зьехаць, але якім не стае нейкае жыцьцядайнае інтрыгі, за кубкам кавы раптам трагічна прамаўляюць: «Да таго ж, як ты магла б здагадацца, у мяне праслухоўваюць тэлефон… » І ім, вядома, ня вельмі падабаецца, калі ты напаўіранічна адказваеш цытатай з Саган: «Пра справы падобныя не раздумвай — інакш звар’яцееш».

Новыя беларускія музычныя героі, нават калі яны недзе ёсьць, сядзяць па сваіх рэпэтыцыйных «кропках» і пакуль не сьпяшаюцца паказвацца. Гэта прадэманстравала і ўся пасрэдная «экспазыцыя», выстаўленая на «Басовішчы», і той факт, што на плякатах у горадзе па-ранейшаму знаёмыя і ўжо малацікавыя твары і назвы. Таму прыходзіцца, як і раней, слухаць замежнае. У гэтым сэзоне каралюе клясычны поп з экспэрымэнтальнымі адхіленьнямі (пойдзе новы альбом Mike & «The Mechanics» «Rewired») і круты хард-кор, перамяшаны зь лёгкім хаўсам і брутальнымі элемэнтамі хіп-хопу (напрыклад, новы альбом «Prodigy» «Always Outnumbered Never Outgunned», якім яны захацелі пазбавіцца статусу папулярнага гурту і «перастаць патакаць масавым густам»).

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Тэда Лі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0