Больш за 60% беларусаў правільна набіраюць новыя нумары экстраных службаў: пажарнай, міліцыі, хуткай дапамогі й службы газу. Такую выснову можна зрабіць па выніках маніторынгу званкоў, які праводзіўся спэцыялістамі «Белтэлекаму» ў розныя прамежкі часу ад 31 сакавіка 2007 году.

«Нягледзячы на тое, што была праведзеная вялікая PR і рэклямная кампаніі, у першыя тыдні красавіка мы атрымлівалі каля 70% званкоў на старыя нумары «01», «02» і прыкладна роўныя суадносіны пры наборы нумароў «03» і «103», «04» і «104». Як паказаў апошні маніторынг, наяўнасьць памылковых набораў на старыя нумары пажарнай і міліцыі памяншаецца, але яшчэ захоўваецца. Мы ведаем, што памылкі ў наборы былі і да зьмяненьняў гэтых нумароў, і будуць і надалей, пакуль мы не правядзём замену лічбы «8» на «0». Зьвязана гэта з тым, што абанэнты не заўсёды ўважлівыя: калі набіраюць код Менску або Менскай вобласьці «017», альбо код доступу да мабільных апэратараў «029» — яны часам забываюць пра «8», — кажа намесьнік генэральнага дырэктара па эксплюатацыі сетак Генадзь Мельнікаў. — Апроч статыстычнага аналізу намі праведзены аналіз прычын няправільных набораў па ўсёй рэспубліцы. Каля 70% ад агульнай колькасьці памылковых набораў — гэта няўважлівасьць абанэнтаў, і толькі 20‑30% тых, хто памыліўся ў наборы, патлумачылі гэта шматгадовай звычкай».

«Белтэлекам» узяў да ўвагі вынікі праведзеных дасьледаваньняў і працягвае працу аўтаінфарматараў сама меней на 3 месяцы.

Адмова ад лічбы «8» і замена яе на «0»для міжнародных і міжгародніх тэлефанаваньняў — заключны этап у дастасаваньні беларускай нумарацыі да міжнародных стандартаў. Падрыхтоўчы этап ужо пачаўся.

it-belarus.net з спасылкай на Белтэлекам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0