Шаноўны Павал Ізотавіч,

Ваш чарговы допіс «Вяленький цветочек» прысьвечаны старту выбарчай кампаніі і прасякнуты клопатам пра прафэсіяналізм будучага парлямэнту. І адразу ж Вы зьвяртаеце ўвагу на тых, каму ў ім няма чаго рабіць. «Начныя вартаўнікі і прафэсійныя беспрацоўныя, замацярэлыя пэнсіянэры і хатнія гаспадыні. Хто яны, куды іх гоніць?»

А чаму, Павал Ізотавіч, яны ня могуць прэтэндаваць? Дзіўна, бо выбарчае заканадаўства аніяк не дыскрымінуе ні вартаўнікоў, ні пэнсіянэраў, ні беспрацоўных, ні хатніх гаспадынь. Наколькі разумею, названыя прэтэндэнты сабралі неабходную колькасьць галасоў для рэгістрацыі. А паколькі яны зьяўляюцца прадстаўнікамі тых грамадзян, што вылучылілі іх, то ставіцца да іх непаважліва неяк не выпадае.

Да таго ж, Вы чамусьці думаеце, што яны «рвуцца ў Парлямэнт», каб там «папісаць для нас законы». Скажу шчыра: асьцярогі Вашы марныя, бо ня пішуць у нас парлямэнтары законаў. Вось, напрыклад, былы старшыня савету рэспублікі А.Вайтовіч узгадвае: «Парлямэнт не рыхтуе (або амаль не рыхтуе) праектаў законаў. За час маёй працы ў парлямэнце не магу прыгадаць ніводнага выпадку прыняцьця закону, унесенага парлямэнтам». А пішуцца ў нас законы Цэнтрам законапраектнай дзейнасьці пры Прэзыденту РБ.

Не магу, аднак, не парадавацца з Вамі за тых прэтэндэнтаў у кандыдаты, якіх урэшце зарэгістравалі. Добра, безумоўна, і тое, што выбарчая камісія разабралася з выпадкам «бессаромнай фантасмагорыі». Але кепска тое, што «лянівыя бюракраты наблытаюць у паперах, не зьвядуць канцы з канцамі», камісія адразу не разьбярэцца, а прэтэндэнту даводзіцца падаваць скаргу. І выходзіць так, што ў яго, як Вы напісалі, «зьяўляецца добры шанец яшчэ да старту сысьці з дыстанцыі».

Ня ведаю, наколькі шанец добры, але апісаная Вамі сытуацыя прымусіла мяне глыбока задумацца. Падалося мне дзіўным, як гэта можна сысьці з дыстанцыі, яшчэ не стартаваўшы?

Хаця ўсё можа быць… Не знайшоўшы рацыянальнага тлумачэньня, зьвярнуўся да сваёй падсьвядомасьці. І яна «выдала» мне такі пасаж з камэнтару аднаго вядомага за савецкім часам футбольнага аглядальніка: «Падчас мінулай гульні гэты футбаліст іграў ролю першай скрыпкі. Але сёньня ён, відаць, забыў дома сваю дырыжорскую палачку».

Дзіўная ўсё ж гэта рэч — падсьвядомасьць!

З пажаданьнямі Вам посьпехаў,

Алесь Анціпенка, грамадзянін РБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0