Аляксандар Рыгоравіч! Я ніколі не галасавала за Вас, але як настаўніца гісторыі заўсёды казала, што абранаму прэзыдэнту трэба ня проста падначальвацца, а трэба добра вучыцца, потым добра працаваць, прытрымлівацца дысцыпліны ва ўсім: у працы, у жыцьці.

Пра Канстытуцыю я казала, што гэта — Асноўны закон краіны, дзе запісаны нашы правы і абавязкі. Я падкрэсьлівала, што калі мы ня будзем сумленна выконваць нашы абавязкі, то ня будуць у поўным аб’ёме рэалізаваны нашыя правы.

У Канстытуцыі запісана, што прэзыдэнтам любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа быць толькі два разы запар па пяць гадоў. Агулам 10 гадоў. А Вы ўжо зьмянялі Канстытуцыю, і цяпер зноў прагнеце новага тэрміну.

У нядзелю па радыё выступаў уладыка Філарэт. Сутнасьць ягонага выступу зьвялася да таго, што жыць трэба згодна з боскімі запаветамі, каб не было сорамна перад людзьмі, перад Богам. Дык хто даў Вам маральнае права мяняць Асноўны закон дзяржавы дзеля сваіх інтарэсаў? Мне сорамна глядзець у вочы сваім вучням…

У сваіх выступах вы часта прыгадваеце Бога. Так, Бог ёсьць на сьвеце, ён павінен абараніць нас ад Вашага жаданьня ўлады. Калі Вы верыце ў Бога, калі вы жадаеце шчасьця сваім дзецям, унукам і ўнучкам, выступіце перад нацыяй і скажыце, што Вы перадумалі.

А такім людзям, як А.Мядзьведзь, Л.Ярмошына, А.Ярмоленка, В.Сівохін, хочацца сказаць: перастаньце падлашчвацца да Лукашэнкі, займіце дастойную пазыцыю, бо вы цудоўна ведаеце, што з Канстытуцыяй нельга абыходзіцца так, як, прабачце, з прастытуткай. Сёньня падмяў пад сябе адзін, заўтра другі. За вашу двудушнасьць вы і вашы дзеці адкажаце перад Усявышнім.

В.Касавец, Пінск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0