Боязь бацькоў, што іхныя дзеці («Крый божа!«) вырастуць непадобныя да свайго найбліжэйшага атачэньня, робіцца асноўным прынцыпам і падыходам у справе выхаваньня дзетак.

У звыклых словах «Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца! Наступная станцыя «Плошча Перамогі» ніколі б не здагадаўся шукаць патаемнага крамольнага сэнсу. Але аднойчы ў мэтро назіраў, як маладая маці ўшчувае свайго сыночка. Даня запытаўся голасна, ці будзе наступная станцыя перамогаю. Кабета рашуча запярэчыла свайму малагадоваму філёзафу: «Даня, сьледуюшчая станцыя называецца «Плошчадзь Пабеды», а не «Перамога!».

У гэтым зьвязку прыгадалася цікавая прыпавесьць пра слана. Нягледзячы на сваю моц, гэтая істота пры адсутнасьці гаспадара застаецца паслухмяна чакаць яго, прывязаная матузком да слупка. Слон будзе чакаць гаспадара ў любым выпадку, бо яшчэ жывыя ўспаміны пра тое, як у маленстве яго трымалі на цяжкім і вялікім ланцугу. Матузок на шыі дарослага зьяўляецца для яго ўсё тым жа ланцугом зь дзяцінства, які трэба рахмана несьці праз усё жыцьцё.

Боязь бацькоў, што іхныя дзеці («Крый божа!«) вырастуць непадобныя да свайго найбліжэйшага атачэньня, робіцца асноўным прынцыпам і падыходам у справе выхаваньня дзетак. Сюды ж дадаюцца і дзіцячыя страхі, што трансфармуюцца ў сталым узросьце ў камунікатыўныя праблемы, неадэкватную самаацэнку — і ў выніку ў нэўрозы. Для моцнай і творчай асобы нанканфармісцкія паводзіны могуць быць крыніцаю жыцьцёвае мудрасьці. Менавіта дзякуючы такім рыцарам духу і адбываюцца якія-колечы зьмяненьні ў грамадзкім жыцьці. Для няўпэўненага чалавека адхіленьні ад прынятых у грамадзтве нормаў могуць быць асабістым апакаліпсысам.

Ці палохалі ў дзяцінстве вас Бабаем? Як зробіш невялічкія правіны, адразу табе кажуць, што прыйдзе жудасны Бабай і схопіць непаслухмянца. Паратункам зьяўлялася заўжды ўпэўненая постаць таты, на тле якога ўсе бабаі рабіліся зусім ня страшнымі.

Сучасных дзетак палохаць Бабаем не выпадае — на ўсіх тэлеканалах, радыёстанцыях, ва ўсіх кнігарнях і дзяржустановах адчуваецца прысутнасьць першай асобы дзяржавы. Таму ня вельмі я зьдзівіўся, калі аднойчы праглядаў тэлепраграму з удзелам ППРБ разам з трохгадовым пляменьнікам, які без асаблівых ваганьняў узьняў сваю ручку ў бок экрана і гучна абвясьціў: «Глядзіце, Бабай!» Пераконваць хлопчыка ў адваротным я не гарэў, тым больш што на самай справе раптоўна заўважыў падабенства сёньняшняга Галоўнага са сваім дзіцячым Бабаем…

Што да мяне, дык я набыў у падарунак свайму пляменьніку новую кніжку казак Пятра Васючэнкі. Наступнай станцыяй будзе перамога!

Віктар Яроцкі, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0