Кола маіх сяброў — гэта дзяржава ў дзяржаве

У Беларусі шмат праваабаронцаў. Аднак я ведаю ў Беларусі толькі аднаго праваабаронцу, які не вагаецца і з кулакамі адбіваць у амонаўцаў незаконна затрыманых школьнікаў — гэта Валік Стэфановіч.Ён ня толькі апантаны змагар за годнасьць чалавека. Яшчэ Валянцін на сёньня найлепшы ў Беларусі спэцыяліст

па выбарчым заканадаўстве. Ён на свае вочы бачыў выбары ў Косаве, Сэрбіі і іншых гарачых зонах. А пачыналася ўсё вясной 1996 г., калі студэнт юрфаку БДУ на мітынгах змагаўся з АМОНам.

«НН»: Выраз «абаронца правоў чалавека» гучыць вельмі рамантычна: гэта высакародны чалавек, які дапамагае іншым. У той жа час «правы чалавека» сталі штампам, дышлам, якое можна павяртаць у любы бок, а для БТ — і наагул лаянкавым выразам… Вось ты сваёй дзейнасьцю дапамог нейкім канкрэтным людзям?

Валянцін Стэфановіч: Для кагосьці з палітыкаў правы чалавека — гэта нейкі надуманы стандарт, які можна выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Для мяне ж асабіста за шэсьць гадоў, што я займаюся правамі чалавека, гэта стала азначаць канкрэтную праблему канкрэтнага чалавека, калі ён сутыкаецца зь дзяржаўнай машынай, чынавенствам і ня можа адстойваць сваю пазыцыю, свае правы. Я адчуў гэта на сваёй скуры вясною 1996 г., калі на маіх вачах людзей зьбівалі і затрымлівалі. Я сам у 1997 г. пяць сутак праседзеў пад арыштам.

На «Вясьне» ў нас заўсёды сьвята, калі ўдаецца спыніць нейкую палітычна матываваную крымінальную справу ці мінімізаваць яе вынікі, калі простыя людзі гавораць нам «дзякуй». Вось справа аднаго ліквідатара-чарнобыльца. Ён быў мабілізаваны з запасу, працаваў непасрэдна каля рэактара, але пропуск яму зь неразьбярыхі выпісалі ў Прыпяць, а потым чыноўнікі падзялілі зону на падзоны і атрымалася, што ён ня мае права на пэнсію. Мы ў судовым парадку даказалі, што ён там быў і мае права на пэнсію. Яму пачалі яе выплачваць. Вось справы праваабаронцаў.

«НН»: Абарона правоў чалавека — гэта прафэсія?

ВС: Я б не хацеў, каб гэта была прафэсія. Прафэсія — адвакат, юрыст, а праваабаронца — гэта грамадзкая дзейнасьць. Хаця як юрысту мая дзейнасьць у «Вясьне» дала мне досьвед. Мая спэцыяльнасьць — «адвакацка-натарыяльная дзейнасьць». У будучыні я хацеў бы займацца адвакацкай дзейнасьцю. Сытуацыя трохі зьменіцца — і ў мяне зьявіцца магчымасьць атрымаць ліцэнзію. Але праваабарончая дзейнасьць дазваляе глядзець на праблему больш шырока.

«НН»: Абарона чужых правоў — гэта характар?

ВС: Гэта пакліканьне. У Маскоўскай праваабарончай групе ў савецкі час не было юрыстаў паводле адукацыі. Так і наша задача сёньня — ня толькі юрыдычная дапамога і збор інфармацыі, але таксама збор сродкаў сем’ям пацярпелых, зьніклых. Каб людзям перажыць цяжкую часіну.

«НН»: Што рабіць у будучыні зь беларускай судовай сыстэмай? Што будзе з тымі людзьмі, якія цяпер у дзяржаўных органах як сьледчыя ці судзьдзі выконваюць загады?

ВС: Пытаньне істотнае. Усю сыстэму, усіх судзьдзяў, не заменіш, гэта нерэальна. Але трэба будзе мяняць усіх старшыняў абласных судоў і Вярхоўнага Суду, кіраўнічы эшалён Мінюсту і Канстытуцыйны Суд, а таксама абавязкова мяняць судовую сыстэму, прымаць новае заканадаўства. Задачай такой рэформы будзе замацаваньне мэханізмаў незалежнасьці судовай сыстэмы, каб пазбавіць выканаўчую ўладу магчымасьці ціску на судзьдзяў. Калі будзе пабудавана сыстэма, то судзьдзі ў яе ўпішуцца і будуць сумленна працаваць: у нас шмат адукаваных людзей у гэтай сфэры. Калі будзе даказана, што некаторыя судзьдзі выносілі заведама незаконныя палітычна матываваныя судовыя рашэньні, — я мяркую, што гэтым судзьдзям ня месца ў сыстэме юстыцыі.

«НН»: Ёсьць шмат людзей, якія хацелі б быць юрыстамі, але ня згодны з той прававой сыстэмай, якая існуе. Што ім рабіць?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыла

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0