«Брыгіта вылізвае задніцу ў Хайнцавай мамачкі. Там яна не знаходзіць нічога, акрамя такога ж гаўна, як ва ўнітазе, які яна якраз цяпер і вычышчае. Але рана ці позна гэта застанецца ў мяне ззаду, а наперадзе будзе будучыня, калі гаўно апынецца ззаду, я ўжо буду ў будучыні».

Гэта яшчэ ня самы эпатажны ўрывак з раману «Палюбоўніцы» Эльфрыды Елінэк, ушанаванай Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры «за музычныя патокі галасоў і контрагаласоў у яе раманах і п’есах, якія з выключнай моўнай стараннасьцю дэманструюць абсурднасьць грамадзкіх клішэ і іх прыгнятальную сілу».

Вядома, прыгожае пісьменства не абавязкова павінна быць прыгожанькім (а нават і не павінна ім быць). Бясспрэчна, што праўда жыцьця каштоўная сама па сабе і ёсьць эстэтычнай катэгорыяй. Калі зьява існуе ў жыцьці, на яе адлюстраваньне ў мастацтве, літаратуры не павінна быць табу. Усё вырашае толькі талент. І ў гэтым сэнсе прыгоды якога-небудзь «чыкацілы» для сапраўднага мастака роўныя ўзьнёсламу першаму каханьню дзяўчыны-падлетка. Адсюль на апісаньні вылізваньня чыёйсьці задніцы ці раструшчваньня палавых органаў як бы таксама не павінна існаваць табу — пэўна ж, такія рэчы ў жыцьці здараюцца, то чаму б і не?

Я нават ня буду ўжываць слова «вычварэньне» — выглядае, сэксапаталёгія як галіна мэдыцыны вычэрпвае сябе. Нішто не паталёгія, усё — норма. І нават паяданьне чалавечых экскрэмэнтаў мае свой навуковы назоў, ну а ў выпадку ўдалага адлюстраваньня ў літаратуры можа прынесьці прэстыжную прэмію. Літаратура ж пры гэтым, выглядае, хутка зробіцца прадметам вывучэньня нейкай новай навукі — на мяжы сутыкненьня філялёгіі, гінэкалёгіі і практалёгіі.

Уганараваньне Нобэлеўскай прэміяй — гэта сусьветнае прызнаньне ня толькі асобы, але і мастакоўскага мэтаду, стылю, узьвядзеньне яго, калі хочаце, у клясычны канон.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Навумчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0