Школа

Ісьці ў школу — гэта як ісьці на сьмерць, ня ведаючы яе, але хто ж яе ведае? Пра сьмерць і пасьля нічога ўжо нельга расказаць. Але і школу разумееш, калі яна ўжо за плячыма. Гэта ў іх таксама супольнае, у сьмерці і школы. Бо загадзя ня ведаеш, як гэта скончыцца і ці скончыцца гэта; звычайна канчаецца, гэта значыць, у мяне было такое падазрэньне, бо перад прыватнай кляштарнай школай, у якую я хадзіла на паўінтэрнат (да пяці гадзінаў вечара), я наведвала яшчэ дзіцячы садок пры ёй. Я ўжо ў дзіцячым садку ведала, што пасьля нічога лепшага ня будзе. Вось жа, я заўсёды шыбавала туды вялікімі крокамі, душа мая звонка сутыкалася з душамі іншых падарожніц, бо менавіта душам прысьвячалася больш клопату і працы, чым целам, якія нават падчас гімнастычных практыкаваньняў былі схаваныя ў сацінавыя штаны да калена (агідны матэрыял, дагэтуль памятаю гэтае адчуваньне), каб іх не было відаць, а была відаць толькі душа, за якую вялося змаганьне з чортам пры дапамозе добрых твораў і «ахвяраў». Выглядала гэта так: дзяўчынкі, якія мелі прыгожую душу, у залежнасьці ад таўшчыні бацькоўскіх партманэ насілі шырокія ці вузкія стужкі як адзнакі за добрыя паводзіны і посьпехі. Сёньня мне кажуць, што гэта зламысная інтэрпрэтацыя, — былыя носьбіткі стужак кажуць гэта так, як быццам яны і сёньня хочуць прыкласьці руку да грудзей, дзе пад стужкай невідочна прысутная адданасьць мэце гэтай дзяржавы і яе дзяржаўнай рэлігіі, якая палягае ў тым, каб — чаго б гэтая роля ні патрабавала — належаць да найлепшых яе грамадзянаў, якія амаль усе з вышэйшай адукацыяй або замужам за вышэйшай адукацыяй. Ну, я такой ня стала, а гэта ж было сэнсам школы — стаць чымсьці. У кляштарнай школе я навучылася ўключаць і выключаць пабожную міну, залежна ад таго, дзе тая міна мела выбухнуць. Што паўсюль аднолькавае ў школе: трэба зважаць! А малітва — гэта тое, што ў кляштары залічваецца: можна зрабіць уражаньне на Бога і памучыцца самой. На настаўніцу глядзець паслухмяна і аддана, каб ёй не прыйшло ў галаву спраўдзіць, што ў цябе пад партай, о Божа, сшытак зь Мікі Маўсам. На першым прычасьці рупліва глядзець на партрэт Бога і яго мамы. Усё забаронена, улучна са сшыткам зь Мікі. Школа мае ўладу, яна можа ўсё праверыць, а тады кагосьці праверыць дадаткова. Цяжкі экзамэн. Мне сёньня яшчэ невыносна думаць, што хтосьці мае столькі ўлады, што можа чагосьці патрабаваць ад іншага, пагатоў уменьня, якое заўжды так недалікатна вырывае чалавека зь ягонай утульнасьці. Уменьне павінна было б заўсёды прыходзіць да чалавека зь яго ўласнага пачыну, а заміж гэтага хтосьці ўвесь час паганяе, бо вынік мусіць быць дасягнуты — гэта і ёсьць выхаваньне: ёсьць мэта, і апроч мэты нічога няма. Пустыя вынікі, найглыбейшае сплашчэньне, у тым, што зьяўляецца, няма нічога лепшага, тым ня менш, яно застаецца, чапляецца за чалавека. Такім чынам, першы школьны час, да гімназіі, — духоўныя дасягненьні, нічога такога, у чым было б хоць штосьці вясёлае, усё гэта было забаронена, хаця Бог хоча, каб дзеці былі вясёлыя, але гэта ўсё толькі на словах, перадусім для дзяцей, якія пакутавалі так многа, як я. Мала хто пакутаваў больш, каб стаць цэлым.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0